Амаль 2000 артыстаў прымуць удзел у гала-канцэрце агляду самадзейнасці Віцебскай вобласці, які пройдзе ў Летнім амфітэатры

Гэты фінальны акорд абласнога агляду-конкурсу, які стартаваў у студзені ў межах мерапрыемстваў Года культуры, прагучыць 20 мая ў Летнім амфітэатры (канцэрт пачнецца а 17.30). Засталася вялікая праца па падрыхтоўцы маштабнага праекта. Ён быў ініцыяваны кіраўніцтвам вобласці, і цяпер яго завяршальны этап знаходзіцца пад кантролем.

— Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, райвыканкамы, установы культуры і адукацыі прыклалі ўсе намаганні, каб агляд-конкурс прайшоў на высокім узроўні. У ім узялі ўдзел больш за пяць тысяч чалавек — 500 творчых калектываў і 200 індывідуальных выканаўцаў з усіх куткоў Віцебшчыны, якія прадставілі харавое і вакальнае спевы, інструментальную музыку, харэаграфічную, тэатральную творчасць, — адзначыла падчас нядаўняй рэпетыцыі гала-канцэрта ў амфітэатры намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Ларыса Аленская. — Галоўная мэта праекта, безумоўна, пошук яркіх, самабытных талентаў, развіццё мастацкай творчасці. І падчас агляду былі вельмі цікавыя адкрыцці. Выдатна паказалі сябе Ліёзна, Сянно, Гарадок, Росаны, такія фестывальныя раёны, як Верхнядзвінскі, Браслаўскі, Пастаўскі, асабліва можна адзначыць Аршанскі і Полацкі, гарады Віцебск і Наваполацк, якія падрыхтавалі асобныя святочныя канцэртныя праграмы з удзелам сваіх калектываў.

Думаю, што гала-канцэрт у амфітэатры парадуе нашага гледача, падорыць яркія эмоцыі і ўражанні.

Рэжысёрам гэтага святочнага дзеяння выступае намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра культуры «Віцебск» Марына Раманоўская, якая адгледзела ўсе мінулыя шэсць рэгіянальных тураў агляду-конкурсу. Пакуль выходзілі на сцэну рэпетаваць аркестр рускіх народных інструментаў ВДМК імя І.І.Салерцінскага і аркестр баянаў і акардэонаў Наваполацкага музычнага каледжа, Марына Раманоўская падзялілася:

— У раёнах нашай вобласці столькі таленавітых людзей! І, напэўна, самым складаным было пры падрыхтоўцы гала-канцэрта сабраць артыстаў… У амфітэатры 20 мая выступяць каля дзвюх тысяч удзельнікаў! Ідэя гала-канцэрта простая, лёгкая і адначасова вельмі адказная: як мага больш прадставіць усёто цудоўную творчасць, якая квітнее на Віцебшчыне. На сцэну выйдуць дзіўныя аўтэнтычныя калектывы. Яны берагуць нашу спадчыну, без якой няма народа, яго гісторыі і культуры. Чакае сустрэча з маладымі людзьмі, якія выходзяць у творчае жыццё з новымі крэатыўнымі ідэямі. Напрыклад, народны тэатр з Браслава пакажа твор, прысвечаны 75-годдзю пачатку вайны. Гэта незвычайнае ўнікальнае прачытанне гісторыі вайны маладым сучасным чалавекам. У такім выглядзе нічога падобнага не бачыла, паверце досведу. Будуць гучаць старыя песні ў выкананні моладзі. Адкрыццём агляду-конкурсу стане піяніст Дзмітрый Сечкоў з Росанаў, у выкананні якога прагучыць твор Рахманіна. У разнажанравым двухгадзінным канцэрце мы прадставім усё самае дастойнае. Сустрэча з калектывамі, усё ўбачанае ўскалыхнула пачуцці — мы ўсе настолькі любім нашу зямлю, нашу Віцебшчыну… І кожны артыст, кожны калектыў гэтым шчодра дзеліцца. Гледач гэта зразумее, веру, адгукнецца ўсім сэрцам.

Гала-канцэрт у Летнім амфітэатры пройдзе пад дэвізам «Віцебшчына — калыска маёй Беларусі».

Уваход у амфітэатр — па запрашальных білетах, якія будуць распаўсюджвацца ў працоўных калектывах і арганізацыях адміністрацыямі раёнаў Віцебска, райвыканкамамі.

Наталля КРУПІЦА. Фота аўтара. "Віцьбічы".