Амаль 25-разовае заніжэнне выплаты сям'і загінулага можа каштаваць волі дырэктару прадпрыемства з Наваполацка
27 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Крымінальная справа за амаль 25-разовае скарачэнне кампенсацыйнай выплаты ўдаве, якая загінула на вытворчасці, узбуджана ў дачыненні да кіраўніка прадпрыемства з Наваполацка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова.
Супрацоўнікі службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Віцебскай вобласці правялі праверку па факце незаконнага скарачэння кампенсацыйнай выплаты, прадугледжанай Працоўным кодэксам і калектыўным дагаворам прадпрыемства ў выпадку гібелі работніка на вытворчасці. Праваахоўныя органы высветлілі, што шляхам складання падробленых дакументаў дырэктар акцыянернага таварыства, якое ўваходзіць у сістэму ЖКГ Наваполацка, неабгрунтавана занізіў памер матэрыяльнай кампенсацыі сям'і загінулага.
У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнік абавязаны быў выплаціць удаве 120 сярэднямесячных заработных плат. Аднак па ўказанні кіраўніка быў складзены падроблены пратакол пасяджэння прафкама ААТ, па якім у выпадку гібелі супрацоўніка памер кампенсацыі вылічваўся ў залежнасці ад колькасці прапрацаваных гадоў: за кожны год працы - сярэднямесячная зарплата. Дакумент датавалі заднім чыслом, і арганізацыя на падставе нібыта праведзенага за тыдзень да здарэння пасяджэння пералічыла ўдаве ўсяго Br9 млн замест належных Br224,5 млн.
У дачыненні да кіраўніка ўзбуджана крымінальная справа па ч.3 арт.426 (перавышэнне службовых паўнамоцтваў, што пацягнула цяжкія наступствы). Санкцыя дадзенага артыкула прадугледжвае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. У цяперашні час аддзелам Следчага камітэта Наваполацка праводзіцца праца па аднаўленні парушаных правоў удавы і зборы доказаў па дадзеным факце.-0-