Амаль 25 тыс. дзяцей у Віцебскай вобласці прышчэплены ад COVID-19

У Віцебскай вобласці колькасць прышчэпленых супраць COVID-19 непаўналетніх наблізілася да 25 тыс., паведаміў галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Сінкевіч.
Поўны курс вакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі прайшлі 72,5% жыхароў Віцебскай вобласці, або 799,8 тыс. чалавек. Актыўна прышчэпліваюцца прэпаратамі "Гам-Ковід-Вак", "Сінафарм" і "Спутник Лайт" работнікі арганізацый і ведамстваў. Па аператыўных даных на 9 лістапада, абедзве дозы вакцыны атрымалі больш за 85% медыцынскіх і фармацэўтычных работнікаў, 75% супрацоўнікаў устаноў сацыяльнага абслугоўвання. Акрамя таго, вакцына ўведзена 73% з ліку насельніцтва вобласці ва ўзросце 61 года і старэй.

Колькасць прышчэпленых супраць COVID-19 непаўналетніх у паўночным рэгіёне наблізілася да 25 тыс. "Сінафарм" ужо атрымалі 17,3% дзяцей ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў. Гэты ж прэпарат медыцынскія работнікі ўжываюць для вакцынацыі цяжарных жанчын і маці, якія кормяць.

Па словах галоўнага ўрача, бустарную вакцынацыю прайшлі 66,2% дарослых людзей, якія завяршылі асноўны курс больш за паўгода таму. У цэлым усе раёны Віцебскай вобласці выконваюць задачу, працягваецца прафілактычная праца, падчас якой насельніцтву нагадваюць аб важнасці вакцынапрафілактыкі, выканання рэспіраторнага этыкету і дыстанцыі ў месцах масавага збору людзей.

Адначасова з прышчэпачнай кампаніяй супраць каранавіруса ідзе вакцынацыя ад грыпу. Яе прайшлі ўжо больш за 340 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці, што складае 30,9% ад агульнай колькасці насельніцтва рэгіёна. У перыяд росту захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі прышчэпка дапаможа знізіць як верагоднасць самой хваробы, так і яе магчымыя наступствы, падкрэсліў Уладзімір Сінкевіч.

"БЕЛТА"