Амаль 250 былых вязняў Віцебскай вобласьці ўключаны ў валанцёрскі праект міжнароднай дапамогі

Почти 250 бывших узников Витебской области включены в волонтерский проект международной помощи

Амаль 250 былых вязняў Віцебскай вобласці ахоплены клопатам і ўвагай валанцёраў па міжнародным праекце "Сацыяльнае партнёрства ў інтарэсах былых вязняў, пацярпелых ад нацыянал-сацыялізму". Пра гэта паведаміў старшыня абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму" Фёдар Ціханаў.

Двухгадовы праект стартаваў у Віцебску ў лістападзе 2014 года. Ён рэалізуецца пры падтрымцы нямецкага федэральнага фонду "Памяць, адказнасць і будучыня" па праграме "Месца сустрэчы: дыялог" і пры садзейнічанні міжнароднага грамадскага аб'яднання "Узаемаразуменне". У ходзе праекта пажылым людзям аказваецца неабходная сацыяльная дапамога на даму, таксама іх уцягваюць у актыўнае грамадскае жыццё і ствараюць умовы для зносін. Партнёрамі выступілі Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт, ВДУ імя П. Машэрава, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна абласнога цэнтра, сярэдняя школа №38.

"Мэтавая група праекта - гэта 242 былыя вязні, з якіх 76 - маламабільныя або зусім не выходзяць з дома. Іх пад асаблівую апеку ўзялі валанцёры: 50 будучых псіхолагаў і сацыяльных педагогаў і 50 гісторыкаў. Мы хочам, каб на аснове практыкі зносін з падапечнымі студэнты напісалі курсавыя або дыпломныя, па якіх у далейшым можна было б выдаць памятку па працы з пажылымі людзьмі. А студэнты гістарычнага факультэта збіраюць успаміны былых вязняў. Ужо апытана 40 чалавек. Гэтыя запісы плануецца выкласці ў інтэрнэце, а таксама выдаць брашуру або невялікую кніжку", - растлумачыў Фёдар Ціханаў.

Таксама для былых вязняў арганізуюць лекцыі прафесараў і доктараў навук медыцынскага ўніверсітэта на актуальныя тэмы: па лячэнні і прафілактыцы захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, суставаў, стрававання і іншых. Бясплатна запрашаюць іх на спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, на экскурсіі ў музеі ВДМУ і біялагічнага факультэта ВДУ імя П. Машэрава, у планетарыі. За кошт фінансавання праекта нямецкімі спонсарамі была арганізавана паездка ў Полацк, праведзена ўрачыстае мерапрыемства з віншаваннем імяніннікаў. Часткай уцягвання пажылых у актыўную дзейнасць стала выдача абанементаў на наведванне басейна.

"Пасля кожнага мерапрыемства мы праводзім анкетаванне, таму што канчатковай мэтай праекта з'яўляецца высвятленне гатоўнасці пажылых людзей і далей жыць актыўна", - адзначыў Фёдар Ціханаў.

Усяго ў Віцебску налічваецца каля 3 тыс. былых вязняў. Некаторыя з іх сёння прымуць удзел у традыцыйным мітынгу, прысвечаным Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Аналагічныя мерапрыемствы праходзяць у гэты дзень па ўсёй вобласці.

Па рашэнні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый 11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў