Амаль 3 тыс. юных віцяблян возьмуць удзел у дабрачынных навагодніх мерапрыемствах

21 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Амаль для 3 тыс. дзяцей - жыхароў Віцебска гарадскія ўлады правядуць дабрачынныя навагоднія мерапрыемствы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Віцебскага гарвыканкама. Удзельнікамі дабрачынных агульнагарадскіх і раённых мерапрыемстваў стануць сіроты, дзеці з прыёмных і шматдзетных сем'яў, выхаванцы прытулкаў, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Кожнае дзіця атрымае падарунак. З гарадскога бюджэту на гэтыя мэты выдзелена звыш Br42,8 млн. Акрамя дзяцей навагоднія падарункі атрымаюць гарадскі дзіцячы дом, гарадскі сацыяльна-педагагічны цэнтр і спецыялізаваны дом дзіцяці. З 21 снежня ва ўсіх агульнаадукацыйных, пазашкольных і спецыяльных установах абласнога цэнтра пачынаецца чарада дзіцячых навагодніх прадстаўленняў. Як чакаецца, у іх возьмуць удзел звыш 30 тыс. дзяцей і падлеткаў. Больш за 14 тыс. дашкольнікаў прымуць удзел у ранішніках у дзіцячых садках. Навагоднія спектаклі і забаўляльныя праграмы падрыхтавалі многія ўстановы адукацыі і культуры. Амаль 1,5 тыс. дзяцей запросіць на святочныя мерапрыемствы абласное аб'яднанне па арганізацыі пазашкольнай работы з дзецьмі. Гарадскі цэнтр культуры падрыхтаваў шоў-праграмы з удзелам казачных персанажаў, убачыць якіх змогуць 5,4 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Коласа і лялечны тэатр "Лялька" таксама падрыхтавалі навагоднія спектаклі для 600 юных гледачоў. Падчас зімовых канікул 900 дзяцей з малазабяспечаных, шматдзетных сем'яў, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, сірот будуць аздараўляцца ў прышкольных лагерах дзённага знаходжання. -0-