Амаль 30 экалагічных маршрутаў створана з пачатку года ў Віцебскай вобласці

2 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Амаль 30 экалагічных маршрутаў, якія ўключаюць прыродныя і гісторыка-культурныя асаблівасці рэгіёнаў, створана з пачатку года ў Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Ясюліна. Усяго ў вобласці распрацавана 47 такіх маршрутаў. Для больш актыўнага прасоўвання на рынак турыстычных паслуг на іх базе прадугледжваецца стварэнне "зялёных маршрутаў", што дапаможа аб'яднаць адпачынак у сельскіх сядзібах і знаёмства з прыродным, гістарычным і культурным патэнцыялам рэгіёнаў, адзначыла Таццяна Ясюліна. У вобласці зарэгістравана 214 аграэкасядзіб, з якіх амаль 140 дастаткова актыўна заявілі аб сабе на рынку туруслуг. У гэтым напрамку найбольш эфектыўна наладжана работа ў Расонскім раёне, дзе пры ўзаемадзеянні райвыканкама, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў, дзяржаўнай прыродаахоўнай установы "Эка-Росы" і грамадскага аб'яднання "Аграэкатурызм" вырашаюцца пытанні па пашырэнні функцый аграэкасядзіб у пытаннях папулярызацыі сельскага і экалагічнага турызму. Цяпер у раёне рэалізуюцца праект "Беларусь - жывая вёска" сумесна з галандскімі партнёрамі. У 2009 годзе завяршыўся яшчэ адзін праект "Экалагічны турызм і экалагічнае выхаванне: стварэнне ўстойлівага прыроднага патэнцыялу", падтрыманы праграмай малых грантаў Сусветнага банка. Акрамя таго, у бягучым годзе складзена заяўка на ўдзел Расонскага раёна ў сумесным праекце Еўрапейскага саюза і ПРААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні". Спецыялісты браслаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў сумесна з міжнародным грамадскім аб'яднаннем "Разуменне" на тэрыторыі Далёкаўскага сельсавета рэалізуюць праект "Мілашкі-сіці", накіраваны на развіццё аграэкатурызму і прыцягненне моладзі з сацыяльна неза абароненых груп да працы ў сельскай мясцовасці. Лідэрамі па колькасці аграэкасядзіб у вобласці з'яўляюцца Браслаўскі (зарэгістравана 62 сядзібы), Расонскі (26), Мёрскі (18), Пастаўскі (17), Полацкі (15) і Лепельскі (14) раёны. Пры гэтым практычна ва ўсіх рэгіёнах ёсць аб'екты, якія могуць паспяхова выкарыстоўвацца для экалагічнага турызму, адзначыла Таццяна Ясюліна.-0-