Амаль 3,4 тысячы чалавек маюць намер балатавацца ў дэпутаты мясцовых Саветаў Віцебскай вобласці
Да 18 студзеня выбарчыя камісіі будуць правяраць пададзеныя дакументы, па выніках чаго ім трэба будзе прымаць рашэнні аб рэгістрацыі ўдзельнікаў кампаніі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты.
Найбольшы ўзровень канкурэнцыі складаецца на выбарах у абласны Савет, дзе на адно месца прэтэндуюць крыху больш за два чалавекі, а таксама ў Саветы гарадоў абласнога (Віцебск і Наваполацк) і раённага падпарадкавання – адпаведна 1,9 і 1,4 прэтэндэнта. У Саветах іншых узроўняў (раённыя, пасялковыя, сельскія) колькасць прэтэндэнтаў крыху вышэйшая за колькасць вакантных месцаў (прыкладна 1,1 чалавека на мандат).
Пераважная большасць прэтэндэнтаў (92,7%) выкарысталі адзін са спосабаў вылучэння, а два патэнцыйныя кандыдаты заручыліся падтрымкай і працоўных калектываў, і грамадзян, і палітычнай партыі.
Усяго ад партый вылучаецца 141 актывіст, у тым ліку ў барацьбу за мандаты ўступілі КПБ (44 чалавекі), ЛДП (43), Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» (18), Аб'яднаная грамадзянская партыя (15), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (14), Партыя БНФ (5).