Амаль 35 км сетак і каля 2 т рыбы канфіскавана ў студзені-чэрвені ў браканьераў у Віцебскай вобласці

28 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Амаль 35 км сетак і каля 2 т рыбы канфіскавалі за паўгода ў браканьераў у Віцебскай вобласці супрацоўнікі міжраённых інспекцый аховы жывёльнага і расліннага свету, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. За шэсць месяцаў бягучага года праведзена звыш 1,3 тыс. рэйдаў, падчас якіх выяўлена больш за 1,6 тыс. парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Прычым большая частка (каля 1 тыс.) датычыцца парушэнняў правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі. Другое месца сярод найбольш часта сустракаемых прыпадае на невыкананне правілаў вядзення лясной гаспадаркі, затым ідуць парушэнні правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі. Як адзначылі ў інспекцыі, у бягучым годзе выяўлена больш правапарушэнняў з прыкметамі крымінальных злачынстваў. Калі ў студзені-чэрвені 2009 года было зафіксавана 74 такія дзеянні, то ў першым паўгоддзі бягучага года - 87, з іх па 81 былі ўзбуджаны крымінальныя справы. Па даных абласной інспекцыі, сума ўрону, нанесенага прыродзе, ацэньваецца амаль у Br336 млн. Агульная сума штрафных санкцый, прад'яўленых парушальнікам, склала амаль Br400 млн. Інспектары адзначаюць, што "яўна выяўленых парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства становіцца менш, аднак браканьерства стала насіць скрыты характар". Усё часцей гэтыя злачынствы адбываюцца ў цёмны час сутак, для іх здзяйснення прымяняюцца спецыяльныя сродкі, браканьеры адсочваюць перамяшчэнні інспектараў. У сувязі з гэтым міжраённыя інспекцыі ўкамплектаваны прыборамі начнога бачання, сродкамі радыё- і мабільнай сувязі, відэакамерамі для фіксацыі злачынстваў. У Віцебскай вобласці акрамя абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету працуюць 10 міжраённых інспекцый, службу ў якіх нясуць 48 інспектараў.-0-