Амаль 5,5 тысяч абітурыентаў плануецца залічыць у ВНУ Віцебскай вобласці

Уступная кампанія ў ВНУ перайшла ў сваю фінальную стадыю.

Большасць абітурыентаў, падаўшы да 14 ліпеня сертыфікаты ЦТ і дакументы, цяпер чакаюць залічэння ў выбраныя навучальныя ўстановы, а некаторыя яшчэ здаюць унутраныя ўступныя выпрабаванні па творчасці, фізічнай культуры і іншых прадметах.

Працэс залічэння на бюджэтныя месцы завершыцца 24 ліпеня (у сілавыя ВНУ – 22 ліпеня, у творчыя – 28 ліпеня).

Паводле інфармацыі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, у пяць дзяржаўных ВНУ Віцебшчыны на ўсе формы навучання запланавана залічыць 5496 абітурыентаў, што на 332 менш, чым у мінулым годзе. Бюджэтных месцаў (вочнае і завочнае аддзяленні) – 2606.

Як і раней, будзе дадатковы набор на вакантныя бюджэтныя месцы на дзённую і завочную форму – у большасці ВНУ ён пройдзе з 26 па 28 ліпеня. Да 25 ліпеня на сайтах навучальных устаноў павінна быць размешчана ўся інфармацыя аб наяўнасці месцаў дадатковага набору. Прыём дакументаў на навучанне на ўмовах аплаты для абітурыентаў, якія не здаюць унутраныя ўступныя выпрабаванні, праводзіцца з 8 ліпеня па 1 жніўня, а залічэнне – да 4 жніўня.

Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, сёлета ў ВНУ краіны плануецца прыняць больш за 63,7 тыс. абітурыентаў, у ССНУ – 40,2 тыс., у ПТВ – 32,6 тыс.

На Віцебшчыне ўступная кампанія ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі стартавала 15 чэрвеня, сярэдняй спецыяльнай – 15 ліпеня і працягнецца да канца жніўня. У гэтыя навучальныя ўстановы на бюджэтныя месцы плануецца залічыць каля 4 тысяч абітурыентаў.

Аляксандр Кутынко, «Віцебскія весці». Фота з адкрытых крыніц.