Амаль 6 тыс. дамоў пабудавана ў Віцебскай вобласці за чатыры гады рэалізацыі праграмы адраджэння вёскі
Дзякуючы праграме развіццё сацыяльнай сферы на сяле атрымала дадатковы імпульс, выкананы ўсе дзяржаўныя стандарты па абслугоўванні насельніцтва.
13 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. За час рэалізацыі дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла з 2005 па 2008 гады ў Віцебскай вобласці для вяскоўцаў пабудавана амаль 6 тыс. жылых дамоў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Васіль Беразнякоў.
Па яго словах, дзякуючы праграме развіццё сацыяльнай сферы на сяле атрымала дадатковы імпульс, выкананы ўсе дзяржаўныя стандарты па абслугоўванні насельніцтва. Напрыклад, амаль кожны трэці жыхар сяла ў вобласці мае стацыянарны тэлефон. У раёнах створана 75 амбулаторый агульнай урачэбнай практыкі з абслугоўваннем насельніцтва ў радыусе 10-15 км, з'явілася 30 устаноў культуры новага тыпу, якія аб'ядноўваюць у сабе і клуб, і бібліятэку, і забаўляльны цэнтр. Дадаткова ўведзена больш за 100 міні-крам, праведзена рэканструкцыя звыш 1,2 тыс. гандлёвых аб'ектаў з пераводам на самаабслугоўванне. Аднак адным з найважнейшых сацыяльных паказчыкаў праграмы Васіль Беразнякоў лічыць рост занятасці насельніцтва. З пачатку рэалізацыі праграмы на сяле створана больш за 400 рабочых месцаў.
Шмат у чым устойліваму развіццю сельскіх тэрыторый спрыяла стварэнне новых тыпаў сельскіх пасёлкаў - аграгарадкоў, падкрэсліў спецыяліст. Цяпер іх у вобласці 147. У бягучым годзе яшчэ 45 сельскіх населеных пунктаў атрымаюць гэты статус, а да канца 2010 года 256 вёсак стануць аграгарадкамі, дзе будуць створаны адпаведная вытворчая і сацыяльная інфраструктура. У бягучым годзе на рэалізацыю праграмы адраджэння сяла з бюджэту накіравана Br130 млрд.-0-