Амаль 70 спартсменаў з Беларусі і Расіі збяруць спаборніцтвы па водных лыжах у Наваполацку

Амаль 70 спартсменаў з Беларусі і Расіі збяруць міжнародныя спаборніцтвы па водналыжным спорце "Мемориал Н.Л.Генова", "Кубак Садружнасці" - 1-ы этап у Наваполацку. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў заслужаны трэнер Беларусі, трэнер СДЮШАР №3 імя Н.Л.Генова Уладзімір Генаў.
Спаборніцтвы пройдуць з 8 па 11 чэрвеня на возеры Люхава. Цырымонія адкрыцця адбудзецца сёння на плошчы "Першая палатка" а 18.00. Тут запланаваны таксама мітынг і ўскладанне кветак да мемарыяльнай дошкі заслужанага трэнера Беларусі, ганаровага грамадзяніна, першабудаўніка Наваполацка Мікалая Генава.

Турнір аб'яднае спартсменаў з Беларусі і Расіі ва ўзросце ад 10 да 50 гадоў (групы да 14 гадоў, да 17 гадоў, групы OPEN і 35+). Асноўныя выступленні запланаваны на пятніцу - нядзелю. Лепшых назавуць у чатырох відах водналыжнага спорту: слалам, скачкі з трампліна, фігурнае катанне і мнагабор'е.

Папярэднія спаборніцтвы ў слаламе і фігурным катанні пройдуць 9 чэрвеня. На наступны дзень удзельнікаў чакаюць фінальныя старты ў слаламе і папярэднія - у фігурным катанні, скачках з трампліна (фінальныя ў нядзелю). Пераможцаў адзначаць 11 чэрвеня а 16.00 на цырымоніі ўзнагароджання.

"Спаборніцтвы цікавыя тым, што моладзь глядзіць на ветэранаў, знакамітых спартсменаў. Гэта вельмі добрае навучанне і стымул для іх працягваць развівацца. Мы чакаем каля 70 удзельнікаў. Ужо другі год спаборніцтвы праходзяць у фармаце 1-га этапу "Кубка Садружнасці" - адзначыў Уладзімір Генаў. - У нас лаўка пастаянная: ад моладзі да дарослых. Моладзь расце, і ў іх ёсць у каго вучыцца і на каго раўняцца, паколькі трэніруюцца разам са старэйшымі".

"БЕЛТА"