Амаль 80% запасаў сапрапелю краіны знаходзіцца на Віцебшчыне. Якімі яшчэ карыснымі выкапнямі багаты рэгіён?
Пра гэта паведамілі на пасяджэнні калегіі прыродаахоўнай службы, дзе разглядалася пытанне аб рацыянальным выкарыстанні нетраў. У найбліжэйшы час уся інфармацыя будзе перададзена ў райвыканкамы для магчымай распрацоўкі інвестыцыйных праектаў.
У прыватнасці, намеснік старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Жанна Алейнікава адзначыла, што ў шэрагу раёнаў маюцца тарфяныя радовішчы, прыдатныя для комплекснага асваення, уключаючы навукаёмістую прадукцыю: шматпрофільныя субстраты, сарбцыйныя матэрыялы шырокага спектру, біялагічна актыўныя роставыя рэчывы, кармавыя дабаўкі, прэпараты фунгіцыднага і бактэрыяльнага дзеяння.
На Віцебшчыне сканцэнтравана 77% рэспубліканскіх запасаў сапрапелю. Разведаныя балансавыя запасы складаюць звыш 500 млн т. Найбольш перспектыўнымі напрамкамі выкарыстання сапрапелю з'яўляецца вытворчасць угнаенняў, у тым ліку з павышаным утрыманнем азоту і фосфару, вапнавых матэрыялаў, біялагічна актыўных ростастымулюючых прэпаратаў для падкормкі раслін, мінеральна-вітамінных кармавых дабавак для сельскагаспадарчых жывёл. Першачарговымі ў распрацоўцы могуць быць 78 азёр, дзе магутнасць адкладаў ад 5 да 15 м. Таксама на Віцебшчыне выяўлена 180 адпрацаваных тарфяных участкаў, падсцілаемых сапрапелем, іх рэсурсы складаюць каля 160 млн т. Здабыча ў такіх месцах больш простая, а матэрыяльныя затраты ў 4 – 6 разоў меншыя.
На сённяшні дзень разведана 28 радовішчаў мінеральных вод, з іх толькі крыху больш за палову эксплуатуецца. На працягу апошніх гадоў штогадовыя аб'ёмы ў 20 тыс. куб. м практычна застаюцца на адным узроўні.
Таксама на пасяджэнні калегіі было разгледжана пытанне аб рацыянальным выкарыстанні аб'ектаў жывёльнага і расліннага свету. Намеснік начальніка аддзела абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя
серады Васіль Кірпічонак распавёў, што лесапокрыццё тэрыторыі Віцебшчыны складае 41,3% (1 млн 861 тыс. га). Лясгасамі Віцебскага ДВАЛГА за апошнія два гады выкананы заданні па стварэнні лясных культур, нарыхтоўцы, вывазцы і перапрацоўцы драўніны. У вытворчых цэхах выпускаецца да 20 найменняў прадукцыі, экспарт склаў 68,5 млн долараў (136,7% ад плана).
За апошнія гады у паляўнічых гаспадарках адзначаецца стабільнасць колькасці асноўных відаў паляўнічых жывёл: лася, аленя, касулі, глушца, цецерука. Агульная сума даходаў ад вядзення паляўнічай гаспадаркі за два гады склала 109,9 млрд недэнамінаваных руб., у тым ліку 53,4 млрд руб. – ад замежнага паляўнічага турызму. Дзяржаўнае пасведчанне на права палявання маюць 17 тыс. жыхароў Віцебшчыны.
Сяргей Ляшук,«Віцебскія весці».