Амаль 90 мінамётных мін захоўвалі ў лесе ў Полацкім раёне чорныя капальнікі
7 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БелТА/. У Полацкім раёне знішчаны склад боепрыпасаў, сабраны чорнымі капальнікамі, паведамілі карэспандэнту БелТА ў аддзеле інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю УУС Віцебскага аблвыканкама.
Інфармацыя аб нелегальным схове ў лесе каля вёскі Дрэтунь паступіла ў 9-е ўпраўленне (па Віцебскай вобласці) ГУБВПС МУС Беларусі. Пры яе праверцы было выяўлена 76 мінамётных мін калібрам 50 мм, 11 - калібрам 82 мм, граната РГ-42, дзве гранаты Ф-1 і артылерыйскі запальнік часоў Вялікай Айчыннай вайны. Боепрыпасы знішчаны групай размініравання в/ч №5530.
Асоба "гаспадара" склада высвятляецца.-0-