Амаль Br1,6 млрд. паступіла ў бюджэт Віцебскай вобласці ад прадпрыемстваў і ІП, створаных у 2009 годзе
19 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Суб'екты гаспадарання, створаныя за студзень-май 2009 года ў Віцебскай вобласці, папоўнілі кансалідаваны бюджэт вобласці даходамі на суму амаль Br1,6 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці.
Усяго за гэты перыяд года зарэгістравана звыш 2,5 тыс. суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, у тым ліку больш за 800 юрыдычных асоб. Паступленні ад прадпрыемстваў і арганізацый склалі амаль Br1,2 млрд., індывідуальных прадпрымальнікаў - Br417,3 млн.
Сярод створаных суб'ектаў гаспадарання больш за 350 прадпрыемстваў і звыш 570 індывідуальных прадпрымальнікаў ажыццяўляюць дзейнасць у малых і сярэдніх гарадскіх паселішчах вобласці. Плацяжы ад гэтай катэгорыі плацельшчыкаў склалі амаль Br950 млн., у тым ліку каля Br140 млн. паступіла ад прадпрымальнікаў. Падаткі, выплачаныя гэтай катэгорыяй плацельшчыкаў, накіроўваюцца ў бюджэты раёнаў і спрыяюць умацаванню эканамічнай сітуацыі ў рэгіёнах вобласці, адзначылі ў інспекцыі.
Усяго за 5 месяцаў 2009 года ў даход кансалідаванага бюджэту Віцебскай вобласці паступіла звыш Br1,5 трлн., або 101,6% да плана. Звыш планавых прызначэнняў у бюджэт прыцягнута Br24,1 млрд.
Выкананне плана па даходах забяспечана па бюджэтах усіх узроўняў. У рэспубліканскі бюджэт паступіла Br839,2 млрд., або 102,8% да плана, у мясцовы бюджэт - Br715,7 млрд., або 100,2%. Асноўнымі даходнымі крыніцамі бюджэту вобласці з'яўляюцца акцызы - іх удзельная вага ў агульным аб'ёме паступленняў склала 22,8%, а таксама ПДВ (18,8%), падаходны падатак (11,2%) і падатак на прыбытак (8,2%).
Па дадзеных на 1 чэрвеня 2009 года, запазычанасць суб'ектаў гаспадарання Віцебскай вобласці па плацяжах у бюджэт склала Br30,1 млрд. і скарацілася на Br2,5 млрд. у параўнанні з пачаткам года. У парадку прыняцця мер прымусовага спагнання запазычанасці падатковыя органы вобласці ліквідавалі недаімку бюджэту на суму Br52,5 млрд. У выніку кантрольнай работы па выкананні падатковага і іншага заканадаўства, праведзенай падатковымі інспекцыямі вобласці за 5 месяцаў, у бюджэт дадаткова паступіла Br29,6 млрд., або 1,9% ад агульнай сумы даходаў.
Усяго ў фарміраванні даходнай часткі кансалідаванага бюджэту вобласці прымае ўдзел амаль 451 тыс. плацельшчыкаў, у тым ліку звыш 15 тыс. юрыдычных асоб, амаль 30 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама каля 406 тыс. фізічных асоб.-0-