Амаль Br2,3 млрд. будзе накіравана на забеспячэнне сродкамі рэабілітацыі інвалідаў I-II груп у Віцебскай вобласці
10 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Амаль Br2,3 млрд. будзе накіравана сёлета на забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў I-II груп, паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва аблвыканкама Міхаіл Лешчынскі.
У Віцебскай вобласці каля 3,6 тыс. інвалідаў I-II груп забяспечваюцца за кошт бюджэту тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі: пратэзна-артапедычнымі, лячэбна-бандажнымі вырабамі, сродкамі для перамяшчэння. Разам з тым, паводле даных камітэта, у тэхнічных сродках рэабілітацыі маюць патрэбу больш за 14 тыс. інвалідаў III групы. У адпаведнасці з заканадаўствам яны павінны набываць гэтыя сродкі за ўласны кошт. Аднак з-за высокага кошту ўдзельная вага атрыманых імі сродкаў рэабілітацыі ў агульнай колькасці атрымальнікаў знізілася з 30% у 2007 годзе да 5% у 2008-м. У мэтах мінімізацыі вымушанай адмовы інвалідам III групы аказваецца дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога і дапамога са сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва для частковага пакрыцця затрат на набыццё сродкаў рэабілітацыі. У падобным становішчы застаюцца і дзеці да 18 гадоў, не прызнаныя інвалідамі, але якія маюць патрэбу па медыцынскіх паказаннях у сродках рэабілітацыі.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец падкрэсліў неабходнасць пільнай увагі мясцовай улады да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ён даручыў фінансаваму ўпраўленню аблвыканкама і камітэту па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама прапрацаваць пытанне аб магчымасці аплаты жыццёва важных тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі дзецям да 18 гадоў, не прызнаным інвалідамі, але якія маюць патрэбу ў гэтых сродках па медыцынскіх паказаннях, а таксама інвалідам III групы за кошт сродкаў абласнога бюджэту з улікам Дзяржаўнага рэестра тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі.-0-