Амаль Br2,5 млрд. накіравана ў 2008 годзе на стварэнне безбар'ернага асяроддзя ў Віцебску

2 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Амаль Br2,5 млрд. было накіравана на стварэнне безбар'ернага асяроддзя ў Віцебску ў 2008 годзе, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама. Фінансавыя рэсурсы выдзяляліся з гарадскога бюджэту, а таксама прыцягваліся ўласныя сродкі прадпрыемстваў абласнога цэнтра. Пры выкананні мэтавай праграмы "Безбар'ернае асяроддзе жыццядзейнасці фізічна аслабленых асоб у г.Віцебску на другое паўгоддзе 2006 года і 2007-2010 гады" у 2008 годзе праведзены мерапрыемствы па забеспячэнні даступнасці для асоб з абмежаванымі магчымасцямі амаль на 50 аб'ектах сацыяльнай сферы. У асноўным работы вяліся ў жылых дамах па ўладкаванні пандусаў, парэнчаў і іншых прыстасаванняў, а таксама ў грамадскіх будынках і збудаваннях, на аб'ектах вулічнай дарожнай сеткі. Пры гэтым безбар'ернае асяроддзе, створанае на шэрагу аб'ектаў грамадскага прызначэння, не толькі адпавядае будаўнічым нормам, але і ўпісваецца ў архітэктуру будынкаў. На новых аб'ектах, уведзеных у эксплуатацыю летась, улічаны ўсе будаўнічыя нормы і правілы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя, у тым ліку ў Віцебскім гарадскім клінічным радзільным доме № 1, будынках абласнога суда, гарадской цэнтральнай дзіцячай паліклінікі і іншых аб'ектах. Акрамя таго, парк грамадскага транспарту абласнога цэнтра актыўна папаўняецца аўтобусамі, прыстасаванымі для асоб з абмежаванымі магчымасцямі. У 2008 годзе на гэтыя мэты накіравана амаль Br1,5 млрд., набыта 5 нізкападлогавых аўтобусаў. Новыя транспартныя сродкі абсталяваны сістэмай "бегучы радок", пры пасадцы выкарыстоўваецца сістэма кнілінга (наклону кузава). У 2009 годзе плануецца завяршыць фарміраванне электроннага банка даных будынкаў і збудаванняў горада, дзе ўлічваецца наяўнасць або адсутнасць безбар'ернага асяроддзя, куды ўжо ўнесены звесткі па больш чым 2 тыс. аб'ектах. Па выніках праводзімай інвентарызацыі будуць вызначацца будынкі, дзе неабходна выканаць работы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя, і ўносіцца карэкціроўкі ў гарадскую праграму. Па даных упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама, у Віцебску пражывае больш за 14,3 тыс. інвалідаў, у тым ліку 780 дзяцей-інвалідаў.-0-