Амаль Br500 млн. выдзелена на набыццё гульнявых комплексаў для віцебскіх двароў з абласнога бюджэту

24 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Амаль Br500 млн. выдзелена на набыццё дзіцячых гульнявых комплексаў для віцебскіх двароў з бюджэту вобласці ў бягучым годзе, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўнітарным камунальным вытворчым прадпрыемстве "Віцебскае гарадское ЖКГ".

Праблема добраўпарадкавання дзіцячых гульнявых пляцовак неаднаразова ўзнімалася жыльцамі шматкватэрных дамоў перад чыноўнікамі рознага ўзроўню: часта ў дварах маюцца па адной-дзве адзінкі гульнявога абсталявання. У сувязі з гэтым пры распрацоўцы гарадской праграмы "Дворы" было прынята рашэнне аб мэтавым выдзяленні сродкаў на набыццё бяспечных і сучасных комплексаў для малых. У 2010 годзе на дваравых тэрыторыях было ўстаноўлена 25 гульнявых комплексаў, столькі ж набыта ў бягучым годзе. Усе яны ўжо ўстаноўлены ў раёнах масавай забудовы.

Як адзначылі ў Віцебскім ЖКГ, домакіраванні ўласнымі сіламі таксама займаюцца рамонтам і вырабам дваровага, дзіцячага і спартыўнага інвентару. Толькі ў гэтым годзе выраблена і ўстаноўлена 135 адзінак абсталявання, прызначанага непасрэдна для маленькіх жыхароў: арэляў, турнікоў. У бягучым годзе комплекснаму добраўпарадкаванню ў адпаведнасці з гарадской праграмай "Дворы" падлягаюць 14 дваравых тэрыторый. На гэтыя мэты накіравана Br5,2 млрд. Асфальтабетоннае пакрыццё запланавана адрамантаваць у 174 дварах, з якіх у 47 работы ўжо праведзены. -0-