Амаль два дзясяткі аграэкасядзіб прэтэндуюць на званне лепшай у Віцебскай вобласці

5 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Амаль два дзясяткі заявак на ўдзел у рэгіянальным конкурсе "Лепшая аграсядзіба года Віцебскай вобласці" прыняты да разгляду, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама Канстанцін Вагулкін. Віцебскі аблвыканкам сумесна з ААТ "Белаграпрамбанк" і грамадскім аб'яднаннем "Адпачынак у вёсцы" сталі арганізатарамі гэтага абласнога спаборніцтва. Вызначэнне пераможцаў адбудзецца па пяці намінацыях: захаванне беларускіх традыцый, здаровы лад жыцця, гасціннасць, зялёная сядзіба, стыль і гармонія. Акрамя апісальных матэрыялаў, электронных прэзентацый і рэкламных брашур намінанты прадставілі дакументы, якія пацвярджаюць колькасныя паказчыкі работы. На працягу студзеня члены журы конкурсу на месцах азнаёмяцца з работай прэтэндэнтаў на званне лепшай аграсядзібы. Як чакаецца, вынікі конкурсу будуць падведзены ў пачатку лютага. Пераможцаў чакаюць дыпломы, прызы ад спонсараў. Яшчэ адной узнагародай стане права абараняць гонар Віцебшчыны ў аналагічным рэспубліканскім конкурсе. Паводле даных Канстанціна Вагулкіна, цяпер у вобласці зарэгістраваны больш за 200 суб'ектаў агратурызму - сялянскіх фермерскіх гаспадарак, фізічных асоб, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы аказання туруслуг.-0-