Амаль кожны чацвёрты рубель падаткаў у бюджэт Віцебскай вобласці прыносяць прадпрымальнікі

Амаль кожны чацвёрты рубель падатковых паступленняў у бюджэт Віцебскай вобласці прыносіць прадпрымальніцтва. Пра гэта паведаміла сёння старшыня камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна на сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў пры разглядзе пытання аб развіцці сферы прадпрымальніцтва.

Сектар прадпрымальніцтва, суб'екты якога дзейнічаюць практычна ва ўсіх галінах эканомікі, з'яўляецца важным рэзервам развіцця эканомікі, напаўнення бюджэту, павышэння дабрабыту жыхароў. "Сфера прадпрымальніцтва дае амаль кожны чацвёрты рубель падатковых паступленняў у бюджэт вобласці. Сёння ў гэтым сектары эканомікі рэгіёна занята каля 140 тыс. чалавек, або 29% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы вобласці. На тэрыторыі рэгіёна зарэгістравана 8,6 тыс. малых і сярэдніх арганізацый і 21,5 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. На долю арганізацый малога і сярэдняга бізнесу прыпадае каля 15% ВУП, больш за 10% аб'ёму прамысловай вытворчасці, амаль 40% абароту знешняга гандлю таварамі, палова экспарту тавараў і больш за 60% экспарту паслуг", - падкрэсліла Анжаліка Нікіціна.

Пры гэтым усе наяўныя магчымасці ў развіцці малога і сярэдняга бізнесу, на яе думку, на сённяшні дзень не выкарыстоўваюцца ў поўнай меры. У прыватнасці, паказчыкі шчыльнасці суб'ектаў прадпрымальніцтва ў разліку на тысячу жыхароў у Віцебскай вобласці адны з самых нізкіх у рэспубліцы. "Але там, дзе мясцовыя ўлады актыўна працуюць з прадпрымальніцкімі структурамі па выяўленні і ліквідацыі "вузкіх месцаў", удаецца пры іншых роўных умовах мець больш высокую шчыльнасць бізнесу, а адпаведна - больш працоўных месцаў, паступленняў у бюджэт. Напрыклад, у Полацкім, Лёзненскім, Бешанковіцкім раёнах, Віцебску шчыльнасць арганізацый на тысячу жыхароў вышэй за сярэднеабласны ўзровень, а ў Віцебскім раёне вышэй за сярэднераспубліканскі", - канстатавала старшыня камітэта.

Анжаліка Нікіціна таксама акцэнтавала ўвагу на неабходнасці актывізацыі намаганняў мясцовых улад па інфармаванні жыхароў і дзеючых прадпрымальнікаў аб магчымасцях і прэферэнцыях, якія

сталі даступныя пры арганізацыі бізнесу з уступленнем у сілу дэкрэтаў №6 "Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці", №7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва" і ўказа №345 "Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання".

"У кожным раёне, горадзе трэба выяўляць жадаючых займацца прадпрымальніцтвам, наладзіць дыялог так, каб людзі перасталі баяцца адкрываць уласны бізнес. Усё залежыць ад нас з вамі, ад сістэмнага падыходу ў рабоце з ініцыятыўнымі людзьмі па ўцягванні іх у прадпрымальніцкі сектар", - падкрэсліла яна.

Для шырокага прыцягнення прадпрымальнікаў пры аблвыканкаме функцыянуе грамадска-кансультатыўны (экспертны) савет па развіцці прадпрымальніцтва. Працуюць тры інкубатары і восем цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва, праводзіцца вялізная інфармацыйная праца. Толькі з пачатку бягучага года праведзена 28 бясплатных семінараў з выездамі ў раёны, на якіх пабывала больш за 500 чалавек. Бізнесменаў вучаць эфектыўным рэкламным і маркетынгавым хадам, прасоўванню тавараў праз інтэрнэт і многаму іншаму.

Развіццю прадпрымальніцтва ў рэгіёне таксама спрыяе ўсебаковая дзяржпадтрымка. Напрыклад, для праектаў, якія прадугледжваюць стварэнне працоўных месцаў, ёсць магчымасць частковага пагашэння з бюджэту працэнтаў па крэдытах банкаў на конкурснай аснове. У вобласці ўжо трэці раз праведзены конкурс інвестыцыйных праектаў суб'ектаў малога прадпрымальніцтва, па выніках якога ў мінулым годзе 10 суб'ектам прадастаўлены субсідыі на пакрыццё часткі працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі, імі створана 17 працоўных месцаў, у гэтым годзе - па двух праектах. Конкурс зноў будзе аб'яўлены.

БЕЛТА.