Амаль палова экспанэнтаў выставы «Славянскі калейдаскоп» у Віцебску – з Расіі

14 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 40 прадпрыемстваў Беларусі і Расіі прымаюць удзел у 11-й міжнароднай універсальнай выстаўцы-кірмашы "Славянскі калейдаскоп", якая адкрылася сёння ў фестывальным Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах генеральнага дырэктара Віцебскага аддзялення БелГПП Валерыя Буткевіча, у апошнія гады Віцебскае аддзяленне значна актывізавала работу па ўмацаванні ўзаемадзеяння з прыгранічнымі рэгіёнамі Расіі. Таму ў выставачным праекце гэтага года актыўна ўдзельнічаюць прадпрыемствы Смаленскай і Пскоўскай абласцей, якія склалі прыкладна палову ад агульнай колькасці экспанентаў. Універсальнасць тэматыкі выстаўкі дае магчымасць прадпрыемствам пазнаёміць патэнцыйных пакупнікоў і партнёраў з шырокім спектрам тавараў і паслуг. Па традыцыі пры фарміраванні экспазіцыі арганізатары робяць акцэнт на прадукцыі прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасці. У дзелавой праграме "Славянскага калейдаскопа" запланавана правядзенне бізнес-сустрэч для прадстаўнікоў прадпрыемстваў. Для расійскіх удзельнікаў будзе арганізавана знаёмства з інвестыцыйнымі праектамі Віцебскай вобласці на міжнародным інвестыцыйным форуме, які пройдзе ў дні працы выстаўкі. Галоўнай тэмай дзелавых зносін стане абмеркаванне перспектыў кааперацыі і развіццё гандлёва-эканамічных сувязей паміж расійскімі і беларускімі прадпрыемствамі. За гады правядзення выстаўкі яе ўдзельнікамі былі больш за 600 прадстаўнікоў бізнесу Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Малдовы, а таксама многіх рэгіёнаў Расіі - ад Урала да Калінінграда. Арганізатарам міжнароднай выстаўкі-кірмаша "Славянскі калейдаскоп" выступае Віцебскае аддзяленне БелГПП пры падтрымцы Віцебскага аблвыканкама.