Амаль палова прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў Віцебскай вобласці - жанчыны
4 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў Віцебскай вобласці на 3 сакавіка паступіла 1646 пакетаў дакументаў для рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня Віцебскай абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў Уладзімір Мядзец.
Працоўныя калектывы, партыі і грамадзяне шляхам збору подпісаў ужо вылучылі 1603 прэтэндэнты ў кандыдаты ў дэпутаты. Амаль палова з іх - 758, або 47,3%, - жанчыны. Шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў вылучыліся 828 чалавек, працоўныя калектывы дэлегавалі ў кандыдаты 808 чалавек, а партыі - 10. Сярод партыйцаў безумоўнае лідарства пакуль застаецца за КПБ - у яе 8 прэтэндэнтаў.
Гаворачы аб прафесійнай прыналежнасці будучых дэпутатаў, Уладзімір Мядзец адзначыў, што з вылучаных у кандыдаты 470 працуюць у адукацыі, навуцы, культуры, ахове здароўя, 440 - у сельскай гаспадарцы.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты будзе праходзіць па 15 сакавіка ўключна, рэгістрацыя кандыдатаў - з 16 па 25 сакавіка.
У Віцебскай вобласці працуюць 60 акруговых камісій па выбарах дэпутатаў аблсавета, 240 тэрытарыяльных камісій па выбарах дэпутатаў раённых, гарадскіх, сельскіх і пасялковых Саветаў. Дэпутацкі корпус 26-га склікання будзе сфарміраваны ў складзе 3530 чалавек, з іх 60 - дэпутаты аблсавета.
Першыя выбары ў Віцебскі абласны Савет дэпутатаў працаўнікоў былі праведзены 13 снежня 1939 года, у выніку якіх было абрана 83 дэпутаты. -0-