Амаль паўсотні байцоў унутраных войскаў прынялі прысягу на плошчы Перамогі ў Віцебску

Почти полсотни новобранцев МЧС приняли присягу на площади Победы в Витебске
47 навабранцаў з розных падраздзяленняў Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь напярэдадні прафесійнага свята, Дня выратавальніка, прынялі прысягу на плошчы Перамогі ў Віцебску.

Урачыстыя мерапрыемствы пачаліся з цырымоніі ўскладання вянка і кветак да Вечнага агню. Павіншаваў наваспечаных выратавальнікаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.

— Тут няма выпадковых людзей, на службу ў МНС прыходзяць усвядомлена. Бо даводзіцца штодня, выконваючы свой абавязак, рызыкаваць сваім жыццём, — адзначыў ён.

— Бадзёрасці духу і поспехаў, – пажадаў прысутным начальнік абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мелешкін.

Дарэчы, сярод навабранцаў была адзіная прадстаўніца прыгожага полу – лейтэнант унутранай службы Марыя Рубенок, урач медыцынскай службы ПАСА «Віцязь».

— Вучылася ў ВДМУ, затым працавала на станцыі хуткай дапамогі. У МНС прыйшла паўгода таму і ніколькі пра гэта не шкадую, — падзялілася дзяўчына.

У рамках мерапрыемства лепшыя работнікі абласной службы МНС узнагароджаны нагруднымі знакамі, ганаровымі граматамі ад МНС, абласнога Савета дэпутатаў, УУС Віцебскага аблвыканкама, адміністрацый раёнаў абласнога цэнтра.

Напярэдадні прафесійнага свята Аршанскі аддзел па надзвычайных сітуацыях атрымаў у падарунак новы УАЗ «Патрыёт» ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Пажарна-тэхнічнае аснашчэнне падраздзяленняў абласнога ўпраўлення МНС працягнецца, расказаў журналістам Сяргей Мелешкін. Так, дзякуючы развіццю міжнароднага праектнага супрацоўніцтва ў бліжэйшыя два гады будзе асвоена 750 тысяч еўра на набыццё аварыйна-выратавальнага абсталявання. Сёлета плануецца адкрыццё новай часці ў Полацку, населеным пункце Бычыха Гарадоцкага раёна і горадзе Барані Аршанскага раёна.

Усё гэта робіцца для паспяховага выканання галоўнай задачы — знізіць гібель людзей ад знешніх прычын, адзначыў Сяргей Мікалаевіч. І адзін з эфектыўных рычагоў тут — праца, накіраваная на папярэджанне надзвычайных сітуацый. Алгарытм прафілактычных мер ужо выпрацаваны, у ім задзейнічаны як служачыя МНС, так і органаў унутраных спраў, работнікі ЖКГ, аховы здароўя, сацыяльнай сферы, прадстаўнікі сельскіх і пасялковых Саветаў.

— Кожнаму жыхару вобласці раю ў доме ўсталяваць аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Прылада выратавала не адно чалавечае жыццё, у тым ліку дзіцячае, — дадаў кіраўнік ведамства. — Работнікі МНС пастаянна расказваюць выхаванцам дзіцячых садкоў, школьнікам, студэнтам аб правілах паводзін у быце, установах адукацыі, на вуліцы.

Для гэтых жа мэт у Віцебску адкрылі іміджавы аб'ект МНС «Штаб герояў» у адным з дзіцячых забаўляльных цэнтраў. Гэта першая ў Беларусі квэст-пакой, дзе заняткі будуць праходзіць у форме расследавання надзвычайных здарэнняў.

— Віншую ратавальнікаў з прафесійным святам і жадаю работнікам органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця і аптымізму, — напрыканцы сказаў Сяргей Мелешкін. — Велізарную падзяку выказваю ветэранам службы, якія працягваюць дзяліцца вопытам. Таксама дзякуй сем'ям, якія чакаюць кожнага з нас дома.