Амаль паўсотні школьнікаў з Віцебскай вобласці знімуцца ў тэлешоў «Я ведаю»
У абласным інстытуце развіцця адукацыі праходзіў адборачны тур для ўдзелу ў тэлепраекце, у якім спрабавалі свае сілы 147 дзяцей амаль з усіх раёнаў Віцебшчыны.
Падбор удзельнікаў для шоў пачаўся ў канцы мінулага навучальнага года. Конкурсанты спачатку павінны былі прадэманстраваць свае веды і таленты ў школе і ў раёне, а самыя эрудаваныя спаборнічалі ў абласным этапе. Падрыхтоўкай дзяцей займаюцца «любімыя настаўнікі» (так іх называюць арганізатары), якія таксама будуць запрошаны на здымкі.
У абласным інстытуце развіцця адукацыі паведамілі, што тэлепраект накіраваны не на адну з галін ведаў, а на ўсебаковае развіццё дзіцяці, у тым ліку яго творчых здольнасцей. Пытанні конкурсу ўключаюць матэрыял школьнай праграмы за адпаведны клас.
У абласным адборы дзецям неабходна было пераадолець 4 туры: адказваць «так» ці «не», выбіраць з некалькіх варыянтаў адказаў, вырашаць тэсты, і ўсё гэта як мага хутчэй або за пэўны кароткі час. Пытанні, дарэчы, былі даволі мудрагелістыя.
Напрыклад, трэба было выбраць, хто з палітычных дзеячаў – Сталін, Чэрчыль ці Абама – стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры (правільны адказ – Чэрчыль). Ці хутка падлічыць, колькі ўсяго скрынь, калі ў вялікім скрыні ляжаць тры скрыні паменш, а ў кожным з іх ляжаць яшчэ па тры скрыні (13).
Усяго на новы тэлевізійны сезон 2017 – 2018 гг. Белтэлерадыёкампанія запланавала 33 выпускі ў некалькі этапаў для розных узроставых катэгорый. У фінальных гульнях праекта будуць вызначаны сем пераможцаў з кожнай заяўленай паралелі. Дыпломы і каштоўныя падарункі ўручаць не толькі ім самім, але і ўсяму классу школы, адкуль прыедзе ўдзельнік. Тэлепраект будзе транслявацца на канале «Беларусь 1».
Аляксандр Кутынко, «Віцебскія весці». Фота з адкрытых крыніц