Амаль паўтара дзясятка аграсядзібаў прэтэндуюць на званне самых гасцінных і стыльных у Віцебскай вобласці

25 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Амаль паўтара дзясятка заявак пададзена на ўдзел у рэгіянальным конкурсе "Лепшая аграсядзіба 2010 года Віцебскай вобласці", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. Арганізатарам конкурсу стаў Віцебскі аблвыканкам сумесна з ААТ "Белаграпрамбанк" і беларускім грамадскім аб'яднаннем "Адпачынак у вёсцы". Лепшыя сядзібы будуць вызначаны ў пяці намінацыях: "Захаванне беларускіх традыцый"; "Здаровы лад жыцця"; "Гасціннасць"; "Зялёная сядзіба"; "Стыль і гармонія". Акрамя апісальных матэрыялаў, электронных прэзентацый і рэкламных праспектаў намінанты прадставілі таксама дакументы, якія пацвярджаюць колькасныя паказчыкі работы. На працягу лютага члены журы конкурсу наведаюць усе сядзібы-прэтэндэнты. Пераможцы конкурсу будуць узнагароджаны памятнымі прызамі і дыпломамі. Уладальнікі галоўных прызоў прадставяць вобласць на рэспубліканскім конкурсе. Віцебская вобласць займае адно з вядучых месцаў у рэспубліцы па колькасці сельскіх сядзіб. У рэгіёне іх створана больш за 300 - трэцяя частка ад усіх у краіне. У 2010 годзе крэдыты ААТ "Белаграпрамбанк" на развіццё аграэкатурызму атрымалі 75 гаспадароў сельскіх сядзіб. За кошт сродкаў абласнога бюджэту 53 прадстаўнікі суб'ектаў аграэкатурызму прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. Для папулярызацыі магчымасцей аграэкатурызму падрыхтаваны каталог віцебскіх сельскіх сядзіб, буклеты аб аграсядзібах рэгіёнаў перыядычна выдаюць райвыканкамы.-0-