Амаль тры сотні адзінак спецтэхнікі кругласутачна працуюць на рэспубліканскіх трасах у Віцебскай вобласці

14 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Амаль тры сотні спецыяльнай і снегаачышчальнай тэхнікі кругласутачна працуюць на рэспубліканскіх трасах у Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ўтрымання дарог рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства аўтамабільных дарог "Віцебскаўтадар" Дзмітрый Баравік. Агульная працягласць трас рэспубліканскага значэння ў вобласці складае 2,8 тыс. км. У сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор'я на іх выведзены 165 адзінак снегаачышчальнай тэхнікі і 120 пескасолеразмяшчальнікаў - гэта ўся тэхніка, якая знаходзіцца ў веданні прадпрыемства. Па словах Дзмітрыя Баравіка, на пастаяннай сувязі з карыстальнікамі дарог знаходзіцца дыспетчарская "Віцебскаўтадара", акрамя таго, на трасах дзяжураць патрульныя брыгады, якія назіраюць за станам праезнай часткі. Па дадзеных ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама, аператыўная абстаноўка на дарогах рэгіёна застаецца спакойнай. Віцебскі абласны цэнтр па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя "Віцебскаблгідрамет" прагназуе, што ў бліжэйшыя суткі снегапады будуць насіць кароткачасовы характар. За мінулыя суткі ў вобласці выпала ад 3 мм да 6 мм ападкаў, што павялічыла снежны полаг на 2-6 см. Найменшая вышыня снежнага полагу зафіксавана на паўднёвым усходзе вобласці, тут яна складае 10-11 см. Найбольшая зафіксавана на паўночным захадзе ў Верхнядзвінскім раёне - 24 см. Разам з тым такая вышыня снегу для вобласці лічыцца ў межах нормы.-0-