Пад Наваполацкам зьявіцца цэнтар моладзевага біятлону, які будзе рыхтаваць рэзерв для нацыянальнай зборнай
Адпраўляючыся ў Наваполацк у УШАР, дзе вучыцца Ганна Сола, адна з гераінь юніёрскага чэмпіянату свету ў «Раўбічах», мы меркавалі, што станем сведкамі ўсеагульнай эйфарыі і свята.
Між тым, кузня чэмпіёнаў сустрэла нас дзелавіта і будзённа. Адчувалася стомленасць пасля шмат працы на ЮЧС2015 судзейскага дэсанту, сфарміраванага з трэнерска-выкладчыцкай эліты вучылішча. Але галоўнае ўсё ж у іншым. Калі з пункту гледжання заўзятара перамога на любым топтурніры – найвышэйшае дасягненне, то ў спецыялістаў эталонам кар'ернага поспеху лічыцца толькі алімпійскае золата. Адсюль стрыманасць у кампліментах і амаль забабонная боязь перахваліць юнае дараванне.
Чэмпіёнка свету ў эстафеце сапраўды вельмі таленавітая дзяўчына: выдатныя прыродныя дадзеныя, хуткасная цягавітасць, працаздольнасць, устойлівасць да стрэсаў. Але выхаванцы УШАР толькі 19, ёй яшчэ два гады выступаць у юніёрскіх спаборніцтвах. А гэта ў плане падрыхтоўкі рэзервіста да дарослых нагрузак – мастацтва дазіравання – трэніровак, спаборніцтваў, аднаўленчых цыклаў. Усяго, што робіць з перспектыўнага вундэркінда пагрозу аўтарытэтаў, з юнай зорачкі – зорку маштабу Дар'і Домрачавай. У стратэгічным сэнсе з Ганнай Солай яшчэ працаваць і працаваць. Дырэктар УШАР Валерый Гушчын паведаміў, што ў найбліжэйшых планах – стварэнне ў Баравусе цэнтра моладзевага біятлона, які паставіць на паток падрыхтоўку рэзерву для нацыянальнай зборнай.
Але там яшчэ шмат што трэба зрабіць. Пра гэта гаварыла і намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава, якая прысутнічала на сусветным першынстве. Павіншаваў прызёраў і былы кіраўнік Віцебшчыны, цяпер кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Косінец. А старшыня Беларускай федэрацыі біятлона Валерый Вакульчык сказаў, што пытанне з пагрузчыкам, які патрэбен УРРу для падрыхтоўкі трасы ў зімовы перыяд, вырашана, «Амкадор» дашле яго ў бліжэйшы час. Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама ў курсе спраў. Ён даў добра на стварэнне цэнтра моладзевага біятлона і паабяцаў падарыць вучылішчу рэтрак – спецыяльную снегаўшчыльнявальную машыну, якая выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі лыжных трас, калі ў Баравусе будуць гатовыя прымаць гасцей высокага ўзроўню.
– Вынікі юніёрскага чэмпіянату пацвердзілі правільнасць узятага намі курсу, – сказаў Валерый Сцяпанавіч. – Ганна Сола стала залатой медалісткай у эстафеце, пятай у спрынце. У ранейшыя гады найвышэйшыя ўзнагароды аналагічных спаборніцтваў заваёўвалі Яўген Абраменка і Павел Ганчароў, абодва – у індывідуальных гонках.
У вучылішчы мы таксама пагутарылі з Ганнай Солай і яе асабістым трэнерам Сяргеем Някрасавым. Настрой герояў сусветнага першынства, паўторымся, быў рабочы: медаль юніёрскага чэмпіянату – добра, алімпійская – лепш! Наперадзе – доўгае ўзыходжанне на спартыўны алімп. Калі мы спыталі ў Сяргея Анатольевіча, што на першынстве яму і яго падапечнай запомнілася больш за ўсё, замест адказу ён паказаў нам паведамленне ад трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар'і Домрачавай: «Сяргей Анатольевіч, мае віншаванні дзяўчатам-чэмпіёнкам. Малайцы!»
Уладзімір ФАКЕЕВ, Наваполацк.