«Пад ветразем мары», маршрут па рацэ Полаце і «ПарасонFest». Як у Полацку адзначылі 1159-годдзе горада?

«Под парусами мечты», маршрут по реке Полота и «ПарасонFest». Как в Полоцке отметили 1159-летие города?
На мінулых выхадных слаўны старажытны Полацк маштабным яскравым святам адзначыў сваё 1159-годдзе.

Насычаная праграма аб'яднала мноства выдатных падзей, прымеркаваных да Дня горада. Сярод іх – кранальнае свята выпускнікоў «Пад ветразямі мары», спектаклі балета Алы Духавой «TODES» і народнага тэатра гістарычнага касцюма «Полацкі звяз». А яшчэ адкрыццё трэцяга працоўнага семестра-2021, водна-турыстычны маршрут па рацэ Полата «Полацкі дазор», канцэртная праграма «У стылі рок» у выкананні эстрадна-сімфанічнага аркестра, фестываль каляровых парасонаў «ПарасонFest-2021», турнір па робататэхніцы і праграмаванні для навучэнцаў.

Асноўныя ўрачыстасці прайшлі ў суботу. І першым з іх стала святочнае шэсце «Полацк. Беларусь. Адзінства», якое сімвалічна аб'яднала ў сваіх шэрагах усіх, каму дарагі горад, з якога пачалася гісторыя беларускай дзяржаўнасці. У прыбраных калонах прайшлі ганаровыя грамадзяне Полацка, прадстаўнікі старэйшага пакалення і моладзі, нацыянальных дыяспар, грамадскіх аб'яднанняў, прафесіяналы розных сфер і галін, кіраўнікі і радавыя працаўнікі, вайскоўцы і кадэты, удзельнікі творчых калектываў. Іх прывіталі кіраўніцтва Полацкага раёна, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, іншыя ганаровыя госці.

На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы на плошчы Свабоды ў адрас палачан прагучалі віншаванні ад старшыні Полацкага райвыканкама Ігара Маркавіча, епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація, кіраўнікоў дэлегацый гарадоў-пабрацімаў. Тут жа адбылася ўрачыстая цырымонія прысваення звання «Ганаровы грамадзянін горада Полацка». Сёлета, згодна з рашэннем Полацкага раённага Савета дэпутатаў, высокага звання «Ганаровы грамадзянін горада Полацка» ўдастоены намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Таісія Багушэвіч, настаўніца СШ №16 Яўгенія Муруткова і загадчык Полацкай станцыі пералівання крыві ДЗУЗ «Полацкая цэнтральная гарадская бальніца» Гарый Трыфсік.

Сіла любога горада ў людзях. Полацк ганарыцца працаўнікамі, якія ствараюць яго непаўторны аблік, умацоўваюць дабрабыт і праслаўляюць сваімі дасягненнямі. Дружнымі апладысментамі ўдзельнікі ўрачыстасці віталі работнікаў і калектывы прадпрыемстваў і арганізацый, якія многія гады працуюць на карысць Полаччыны, унеслі значны ўклад у яе развіццё, заслужылі павагу калег і па выніках працы за 2020 год занесены на раённую Дошку гонару.

…Тым часам святочная атмасфера пранікала ва ўсе куткі цэнтральнай часткі горада. На розных пляцоўках выступалі літаратары і музыкі. Прадстаўнікі прадпрыемства «Белтэлекам» прэзентавалі мабільны дадатак «Мой горад», прапаноўваючы жадаючым паўдзельнічаць у віктарыне і выйграць прыз. Можна было прагуляцца па святочных гандлёвых радах, наведаць кулінарны фестываль, турнір па сілавым экстрэме, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. А яшчэ – пакатацца па Заходняй Дзвіне на драккары, купіць сувенір у рамеснікаў у «Горадзе майстроў» ці далучыцца да культурна-адукацыйнага праекта, прысвечанага гарадам-пабрацімам Полацка, які падрыхтавалі ўстановы адукацыі.

Майскі фармат правядзення Дня горада, да якога, праз некалькі гадоў, зноў вярнуліся ў Полацку, відавочна, даспадобы яго жыхарам. Зарадзіўшыся энергетыкай пазітыву і натхнення, палачане зноў засукалі рукавы, каб працаваць на карысць роднага краю.

"Віцебскія весці".