Пад Полацкам стварылі завод металаканструкцый, аналагаў якому ў Беларусі няма
Першую пробную прадукцыю пачаў выпускаць Наваполацкі завод тэхналагічных металаканструкцый, створаны ў самыя кароткія тэрміны на базе былога камбіната сельскага домабудавання ў пасёлку Фарынава Полацкага раёна. Будаўніцтва гэтага унікальнага прадпрыемства ўключана ў пералік аб'ектаў, якія маюць вызначальнае значэнне для інавацыйнага развіцця Беларусі.
Тры гады таму пляцоўка былога Фарынаўскага МДСК знаходзілася ў заняпадзе, на дахах напаўразбураных будынкаў раслі дрэвы. Цяпер гэты сельскі куток пераўтварыўся: тут кіпіць жыццё і рэалізуюцца самыя сучасныя тэхналагічныя рашэнні.
Ініцыятарамі будаўніцтва завода сталі яго цяперашні генеральны дырэктар Ігар Шурпакоў і галоўны інжынер Іван Свірко. Раней яны працавалі ў кіраўніцтве ААТ "Нафтазаводмантаж".
Перш за ўсё ініцыятары спынілі разбурэнне выкупленых на аўкцыёне будынкаў і збудаванняў агульнай плошчай каля 40 тысяч кв. м. Правялі рамонт, які не закранае апорных канструкцый, паралельна з распрацоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі.
Для аднаўлення будынкаў і збудаванняў сродкаў інвестара аказалася недастаткова, запатрабавалася тэрмінова знайсці дадатковыя крыніцы фінансавання. Навапалачане прыцягнулі крэдытныя рэсурсы БПС-Сбербанка, а таксама сродкі інавацыйнага фонду аблвыканкама – як пераможцы конкурсу інавацыйных праектаў.
Каб скараціць выдаткі і палепшыць якасць работ, закупілі тэхніку і стварылі ўласнае будаўнічае падраздзяленне. Адначасова заключаліся кантракты на пастаўку тэхналагічнага абсталявання італьянскай і галандскай вытворчасці. Прадстаўнікі замежных кампаній былі здзіўлены хуткімі тэмпамі будаўніцтва завода, высока ацанілі ўзровень арганізацыі работ і падрыхтоўку нашых спецыялістаў.
- Практычна не закранаючы аб'ёмна-планіровачныя рашэнні існуючых карпусоў, мы змаглі гарманічна размясціць у іх сучасную вытворчасць металаканструкцый, аналагаў якой няма ў Беларусі, - распавядае Іван Свірко падчас экскурсіі па тэрыторыі завода.
У будынку адміністрацыйнага корпуса створаны камфортныя ўмовы для персаналу. Праекціроўшчыкі ажыццяўляюць распрацоўку дэталізаваных чарцяжоў металаканструкцый любой ступені складанасці, у тым ліку выконваюць заказы для старонніх арганізацый. Канструктары ствараюць 3D-мадэлі аб'ектаў. Тэхнолагі апрацоўваюць інфармацыю і выдаюць заданні для вытворчасці. Усе працэсы максімальна аўтаматызаваны, укаранёна інтэграваная сістэма кіравання вытворчасцю.
Калі па-старынцы вырабленыя чарцяжы неабходна было несці ў цэх майстру, то цяпер усе зададзеныя для вырабаў параметры амаль імгненна перадаюцца на станкі з дапамогай сучаснага праграмнага забеспячэння, і дэталі друкуюцца, нібыта на прынтары.
Рэканструкцыя галоўнага вытворчага корпуса, па словах Івана Свірко, разбіта на восем пускавых комплексаў. Першы этап ужо на стадыі завяршэння.
З удзелам замежных шэф-інжынераў выкананы мантаж асноўнага тэхналагічнага абсталявання, праведзены пусканаладачныя работы, навучаны персанал.
Завяршаецца комплекснае апрабаванне агрэгатаў. У велізарным падрыхтоўча-зборачным цэху пануе дзелавая атмасфера. Усталяваныя тут аўтаматызаваныя сістэмы для апрацоўкі ліставога і профільнага металапракату дазваляюць вырабляць вырабы найвышэйшай якасці любых памераў і канфігурацый.
Чалавечы фактар зводзіцца да мінімуму – падаць на рольгангі зыходны металапракат. А ўсе аперацыі па яго разметцы, маркіроўцы, свідраванні, перамяшчэнні, выгрузцы выконваюць разумныя машыны. Прапанаваная інавацыйная тэхналогія дазваляе скараціць затраты працы ў 3-4 разы і забяспечыць высокі ўзровень дабаўленай вартасці. А акрамя таго, прымяняць індывідуальны падыход у працы з заказчыкамі, вырабляючы нетыповыя унікальныя вырабы.
У межах імпартазамяшчэння асвоена вытворчасць зварных двутаўравых бэлек, якія выкарыстоўваюцца ў будаўнічых канструкцыях каркасаў будынкаў і збудаванняў. Яны будуць каштаваць значна танней у параўнанні з расійскімі пракатнымі профілямі, якія імпартуюцца ў нашу рэспубліку.
Палітыка энергазберажэння на прадпрыемстве – таксама самая эфектыўная. Да прыкладу, у нарыхтоўча-зборачных цэхах ужыты газавыя стужкавыя інфрачырвоныя выпраменьвальнікі, якія дазваляюць абаграваць працоўныя месцы спецыялістаў толькі ў перыяд працы. Для ацяплення, вентыляцыі і гарачага водазабеспячэння ўбудаваных і адміністрацыйна-бытавых памяшканняў выкарыстоўваюцца чатыры міні-кацельні.
Вырабляемыя зараз узоры прадукцыі будуць прымяняцца для ўласных патрэб завода на далейшых этапах рэканструкцыі.
У перспектыве, як адзначыў Іван Свірко, запланавана асвоіць іншыя віды вырабаў. У прыватнасці, адкрыць новае для Беларусі вытворчасць зварной рашотчатай падлогі, якая ўжываецца ў якасці працоўнай паверхні пляцовак абслугоўвання, перакрыццяў, пераходаў і іншых інжынерных канструкцый. Прадугледжана арганізацыя выпуску нестандартнага абсталявання і трубаправодаў. Усё гэта дазволіць павялічыць магутнасці прадпрыемства з 12 да 18 тысяч тон прадукцыі ў год.
Штат работнікаў узрасце ўдвая. Сёння на прадпрыемстве 200 супрацоўнікаў. 73 з іх маюць вышэйшую адукацыю, у тым ліку 23 рабочых, адзін чалавек - вучоную ступень кандыдата, а чатыры - магістра тэхнічных навук.
Многія спецыялісты ездзяць на завод з Полацка і Наваполацка, для іх падвозу закуплены спецыяльны аўтобус. Людзей прыцягвае высокатэхналагічная вытворчасць, добрая зарплата і перспектывы росту. Магчымасць працаўладкавання атрымалі і мясцовыя жыхары, якія пасля закрыцця Фарынаўскага МДСК шукалі працу ў горадзе.
Будаўніцтва новага завода дае магутны імпульс развіццю рэгіёна, дазваляючы ўвесці ў абарот невыкарыстоўваную дзяржаўную маёмасць і ўцягнуць у гаспадарчую дзейнасць шырокае кола партнёраў, стварыць годныя ўмовы працы для людзей.
У сваёй дзейнасці кіраўнікі прадпрыемства, у прыватнасці, кіруюцца адным з лозунгаў вядомага амерыканскага прамыслоўца Генры Форда: "Усё можна зрабіць лепш, чым рабілася да гэтага часу".
Ларыса Малашэня, "Віцебскія весці"