Пад цяжарам снегу абрынуўся дах двух жылых дамоў у Гарадку і Лёзненскім раёне

22 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Абрушэнне даху двух жылых дамоў з-за моцнай снегавой нагрузкі адбылося ў Гарадку і Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. У выніку здарэнняў ніхто не пацярпеў. У Гарадку не вытрымала нагрузкі дах аднапавярховага трохкватэрнага жылога дома 1968 года пабудовы на агульнай плошчы 160 кв.м. На момант узнікнення здарэння ў доме пражывалі дзве сям'і, якія адселены да сваякоў. Гаспадар яшчэ адной кватэры, работнік мясцовага сельгаспрадпрыемства, пражывае па іншым адрасе, пры гэтым ён ужо атрымаў новае службовае жыллё. Пры абрушэнні даху ў прыватным жылым доме ў вёсцы Язькаўшчына Лёзненскага раёна, дзе пражывае сям'я пенсіянераў, таксама была парушана цэласнасць апорных канструкцый. Агульная плошча абрушэння склала 80 кв.м, пры гэтым сцяна дома адышла на 10 см. Дом пабудовы 1995 года належыць СПК "Рубежніца", якое і займалася аднаўленчымі працамі. Расселення жыльцоў не запатрабавалася.-0-