Пад Ушачамі археолагі выявілі княскую рэзідэнцыю XII стагоддзя

Беларускія археолагі выявілі ля берага возера Чарсвяды ў раёне Ушачаў прыгарадную княжацкую рэзідэнцыю XII стагоддзя. Пра гэта паведамляе тэлеканал АНТ.

— Упершыню ў археалогіі Беларусі нам удалося ідэнтыфікаваць прыгарадную рэзідэнцыю полацкіх князёў, якая знаходзілася на гэтым месцы ў XII стагоддзі, — адзначыў навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марат Клімаў.

Археолагі выявілі фрагменты двух будынкаў. Пад зямлёй можа знаходзіцца не менш за дзесяць пабудоў. Адным з галоўных адкрыццяў амаль усяго палявога сезона з'яўляецца кніжная спражка эпохі Ефрасінні Полацкай. Выяўлена і некалькі фрагментаў грэчаскіх амфар. Гэта таксама пацвярджае высокі статус пабудоў. Сярод артэфактаў — бранябойная страла. Падчас міжусобіцы, магчыма, княжацкая рэзідэнцыя была спалена. Пазней на гэтым месцы з'явілася новае паселішча. Навукоўцы звязваюць знаходкі з нашчадкамі легендарнага князя Усяслава Чарадзея. Працы на ўнікальным помніку працягваюцца. Цяпер задача — вызначыць цэнтр сядзібы.