Пад Віцебскам выяўленыя астанкі дзевяці байцоў Чырвонай Арміі

13 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Астанкі дзевяці байцоў Чырвонай Арміі выяўлены сёння ў раёне вёскі Новікі Віцебскага раёна. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА камандзір роты 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Іван Цецюшкін.

На астанкі ваеннаслужачых пошукавікі натрапілі выпадкова пры абясшкоджванні выбухованебяспечных прадметаў, выяўленых у ходзе палявых работ на тэрыторыі Шапечынскага сельсавета. Непасрэдна пад схованкай боепрыпасаў знойдзены астанкі, якія ўдалося папярэдне ідэнтыфікаваць дзякуючы фрагментам адзення і абмундзіравання. Цяпер спецыялісты завяршаюць выманне астанкаў з зямлі, пасля чаго яны будуць перададзены ў мясцовыя органы ўлады для резахавання і ўшанавання памяці загінуўшых, адзначыў Іван Цецюшкін.

Палявыя пошукавыя работы пад Віцебскам арганізаваны ў ходзе міжнароднай вахты памяці краін Садружнасці-2011, у якой прымаюць удзел 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны Беларусі і актывісты пошукавага руху з Беларусі і Расіі. Работы арганізаваны ў Віцебскім раёне, дзе ў гады вайны з восені 1943 года па лета 1944-га ў баях за вызваленне Віцебска загінула звыш 42 тыс. савецкіх ваеннаслужачых. Па выніках дзесяцідзённай вахты памяці плануецца правесці ўрачыстую цырымонію перапахавання знойдзеных астанкаў у адну з брацкіх магіл на тэрыторыі Віцебскага раёна.-0-