«ВелаФест у Ганны – 2021» стартаваў пад Віцебскам
На «ВелаFest» сабралася больш за 300 удзельнікаў са шматлікіх раёнаў Віцебскай вобласці, а таксама іншых абласцей, Расіі і Украіны. Для аматараў ровараў падрыхтавалі тры трасы працягласцю 85 км (марафон), 50 км (паўмарафон) і 25 км (фітмарафон). Прыхільнікі бегу па перасечанай мясцовасці спаборнічалі на дыстанцыях 21 км і 10 км. Пераможцы вызначаліся ў пяці ўзроставых катэгорыях, пачынаючы з юніёраў (14-17 гадоў) і заканчваючы ветэранамі (50 і старэй).
Стартавалі раварысты і бегуны на пляцоўцы каля рэстарана «Прыазёрны двор «У Ганны». Там жа адбылася цырымонія адкрыцця свята, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў і грамадскасці, у тым ліку старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў.
Падтрымаць спартсменаў сабраліся сотні заўзятараў. У чаканні фінішу сваіх родных, знаёмых ці калег яны маглі праверыць сваю трапнасць у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і дартсе, а таксама сілу і цягавітасць у турнірах па вісе на перакладзіне на час і па гіравым спорце (вага гіры — 24 кг). Акрамя таго, працавалі забаўляльныя пляцоўкі, у тым ліку для дзяцей, і падворкі, што манілі водарамі розных страваў. Ахвотныя маглі пракаціцца на конях, адпачыць на беразе возера.
Заўтра на «ВелоFest» запланаваны спаборніцтвы ў аматарскім крос-трыятлоне. Прадугледжана 2 узроўні складанасці. На асноўным з іх атлетам трэба будзе выступіць у некалькіх дысцыплінах — плаванне (1 км), велагонка (40 км) і бег (10 км). У больш лёгкім варыянце — 0,5 км/20 км/5 км адпаведна.