Адораваныя Беларусі афорты М.Шагала да паэмы "Мёртвыя душы" застануцца ў Віцебску

10 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выстава афортаў сусветна вядомага мастака Марка Шагала да паэмы "Мёртвыя душы" адкрылася сёння ў Віцебскім мастацкім музеі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Ілюстрацыі да бессмяротнага твора Мікалая Гогаля былі створаны Шагалам па замове Амбруаза Валара, знакамітага парыжскага галериста і выдаўца, які арганізаваў першыя выставы Ван Гога, Маціса, Сезана. У экспазіцыі прадстаўлены арыгінал кнігі ў поўным аб'ёме: 96 афортаў, 11 табліц награвіраванага зместу і 11 тытульных лістоў. Акрамя афортаў і перакладзенага па замове Валара тэксту "Мёртвых душ", кніга змяшчае лісты, на якіх усе афорты ў паменшаным памеры пералічаны ў парадку, задуманым Шагалам. Бясцэнная калекцыя, падобнай якой няма ні ў адным музеі Расіі, перададзена ў дар Беларусі Незалежным дабрачынным фондам "Трыумф - Новы век" у рамках правядзення фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". "Несумненна, што яна застанецца ў родным горадзе вялікага майстра", - паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Канкрэтны музей для яе захоўвання будзе вызначаны пасля завяршэння ўсіх юрыдычных і прававых фармальнасцей, звязаных з перадачай калекцыі. Галоўнае, што гэтыя працы належаць Беларусі, беларускаму народу, дадаў міністр.-0-