Падарункі нумізмата і мастачкі з ЗША пакладуць пачатак экспазіцыі пра землякоў у аршанскім музеі
2 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны вырашыў аб'яднаць землякоў, якія пражываюць за мяжой, расказала карэспандэнту БЕЛТА дырэктар комплексу Ірына Варонава.
Калісьці пра гэта марыў знакаміты аршанец - беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч, нагадала суразмоўніца. А вось першы крок на шляху да аб'яднання зрабілі ўраджэнцы Оршы, якія пражываюць у Амерыцы. Адзін з іх некалькі дзён таму перадаў у дар музею сертыфікаваную калекцыю з 90 аднацентавых манет, выпушчаных у ЗША ў 1948-1998 гадах. Як адзначыла Ірына Варонава, у нумізматычнай калекцыі комплексу налічваецца каля 3 тыс. манет XVI-XXI стагоддзяў, але да апошняга часу не было ніводнай замежнай. Да таго ж падораная калекцыя поўная, што робіць яе вельмі каштоўнай.
Яшчэ адзін падарунак прыйшоў з Нью-Ёрка ад мастачкі Алены Тылькінай. Яна з'ехала з Оршы ў 1989 годзе, аднак па-ранейшаму пазіцыянуе сябе як беларуская мастачка. Алена Тылькіна - член Нацыянальнай асацыяцыі амерыканскіх мастачак, у якую ўваходзілі праслаўленыя майстры, такія як Мары Касат і Джудзі Чыкага. Яна перамагала ў конкурсе прэстыжнага мастацтвазнаўчага часопіса Manhatten Art International. Рэпрадукцыі яе карцін з'яўляліся на старонках гэтага і іншых часопісаў. Работы Алены ахвотна купляюць прыватныя калекцыянеры. Аршанскаму музею яна перадала карціну " Славяначка" і каталог сваіх графічных і жывапісных работ.
На думку Ірыны Варонавай, гэтыя падарункі годныя таго, каб пакласці пачатак асобнай экспазіцыі, прысвечанай землякам. Магчыма, што наступным этапам стане стварэнне Аршанскага зямляцтва, якое спрыяла б захаванню і прымнажэнню культурнай спадчыны і дапамагала б наладжваць дзелавыя кантакты з замежнымі дзелавымі коламі. Першае ў рэспубліцы зямляцтва аб'яднала больш за 200 ураджэнцаў Полацка. -0-