Змены ў падатковай сістэме, падтрыманыя дэпутатамі, стануць апорай для далейшага развіцця бізнесу - эксперт
4 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прыватны бізнес пазітыўна ацаніў праект бюджэту на 2013 год, ухвалены ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў. Меркаванне прадпрымальнікаў Віцебскай вобласці ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА абагульніла выканаўчы дырэктар грамадскага аб'яднання "Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў" Ніна Лук'янава.
"У праекце бюджэту ёсць, як мінімум, тры ключавыя моманты, якія ў выпадку яго поўнага ўхвалення могуць стаць апорай для далейшага развіцця прыватнай ініцыятывы", - лічыць суразмоўніца. Распрацоўшчыкі праекту бюджэту прапанавалі павялічыць у некалькі разоў стаўку падатку на невыкарыстоўваемую маёмасць. "Гэта стане дзейсным стымулам для ўцягвання яе ў абарот, у тым ліку і з удзелам малога і сярэдняга бізнесу", - патлумачыла Ніна Лук'янава.
Яшчэ адзін пункт звязаны непасрэдна з малым бізнесам і тычыцца павелічэння крытэрыяў прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. "Гэта сур'ёзны крок у рэалізацыі прынцыпу партнёрства дзяржавы і бізнесу, які можа значна палегчыць дзейнасць прадпрымальнікаў", - лічыць эксперт.
Рэальныя выгады бізнесменам прынясе змяненне парадку фарміравання інавацыйных фондаў. Для ўсіх прадпрыемстваў устанаўліваецца адзіная стаўка адлічэнняў у інавацыйныя фонды, якая складае 10% сумы падатку на прыбытак. Пры гэтым стаўка падатку на прыбытак і падатковая нагрузка на арганізацыі ўсіх форм уласнасці не зменюцца, а адлічэнні ў фонды будуць ажыццяўляцца фінансавымі органамі ад выплачаных суб'ектамі гаспадарання сум падатку на прыбытак.
"Усе гэтыя прапановы ўносіліся прадпрымальніцкай супольнасцю ў ходзе абмеркавання законапраектаў, прызначаных лібералізаваць эканоміку краіны, адрадна, што яны ўлічаны ўрадам і знайшлі падтрымку дэпутатаў", - падкрэсліла суразмоўніца.
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла ў першым чытанні законапраект аб рэспубліканскім бюджэце на 2013 год на пасяджэнні 2 кастрычніка. Фарміраванне праекту рэспубліканскага бюджэту ажыццёўлена на бездэфіцытнай аснове. Агульная сума даходаў кансалідаванага бюджэту на 2013 год прагназуецца ў памеры Br197,41 трлн., або 31,3% ВУП. Даходы па праекце рэспубліканскага бюджэту прадугледжваюцца ў суме Br121,72 трлн., або з ростам да чаканага выканання 2012 года на 26,1%. Асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў рэспубліканскага бюджэту з'яўляюцца падатак на дададзеную вартасць, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці. Расходы кансалідаванага бюджэту на 2013 год прагназуюцца ў суме Br197,41 трлн. Расходы па праекце рэспубліканскага бюджэту сфарміраваны ў суме Br121,72 трлн.
Асноўнымі асаблівасцямі праекту рэспубліканскага бюджэту на 2013 год з'яўляюцца фарміраванне інавацыйных фондаў за кошт сродкаў, што выплачваюцца арганізацыямі падатку на прыбытак, змяненне падыходаў па залічэнні падатку на прыбытак у бюджэт Мінска, увядзенне непадатковага плацяжу для газазабяспечвальных арганізацый. У 2013 годзе асноўнымі мэтамі для сектара дзяржаўных фінансаў будуць з'яўляцца павышэнне ўстойлівасці і канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі, гарантаванае выкананне фінансавых абавязацельстваў бюджэту перад знешнімі і ўнутранымі крэдыторамі, захаванне якасці бюджэтных паслуг і сацыяльная абарона ўразлівых катэгорый насельніцтва.
Як чакаецца, у другім чытанні праект бюджэту на наступны год Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі разгледзіць 8 кастрычніка.-0-