Падрыхтоўчыя работы да здымкаў мастацкага фільма пра Шагала і Малевіча пачаліся ў Віцебску
9 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Падрыхтоўчыя работы да здымак мастацкага фільма пра Марка Шагала і Казіміра Малевіча пачаліся ў Віцебску. Аб гэтым у эксклюзіўным інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА распавёў рэжысёр фільма, народны артыст Расійскай Федэрацыі Аляксандр Мітта. Ён прыняў удзел у адкрыцці XXII Міжнародных Шагалаўскіх чытанняў.
Поўнаметражная стужка атрымала назву "Міракль пра Шагала", але ў яе ёсць і другая назва, якая, на думку суразмоўцы, больш поўна адлюстроўвае ідэю - "Камісар Шагал і грамадзянін Малевіч", бо стужка раскажа пра двух геніяў, воляю лёсу апынуўшыхся ў 1918-1921 гадах у Віцебску, пра іх няпростыя адносіны, пра барацьбу Малевіча за маладыя розумы. Будзе і меладраматычная лінія: Марк і яго жонка Бела. "Аднак галоўнай рухаючай сілай фільма стануць два мастакі, якія сваёй творчасцю паўплывалі на ўсё сучаснае сусветнае мастацтва, адкрылі яму новыя гарызонты", - падкрэсліў Аляксандр Мітта. Дарэчы, да асобы Шагала рэжысёр ужо звяртаўся. У 1969 годзе на экраны выйшаў яго фільм "Гары, гары, мая зорка", дзе вобраз вясковага мастака, таленавіта згулянага Алегам Ефрэмавым, быў спісаны з Марка Шагала, прыхільнікам творчасці якога Аляксандр Мітта даўно з'яўляецца.
Разам з тым фільм не прэтэндуе на ролю філасофска-павучальнага. Аўтары не збіраюцца з мастацтвазнаўчай дакладнасцю шукаць вытокі натхнення і супастаўляць уплыў тых ці іншых гістарычных падзей на творчасць мастакоў. "У фільме будзе пэўная доля выдумкі, але мы спадзяёмся прыцягнуць увагу шырокай публікі да гэтых неардынарных асоб", - дадаў Аляксандр Мітта. Сцэнарый і ідэя фільма атрымалі адабрэнне Парыжскага камітэта Шагала.
Пры напісанні сцэнарыя рэжысёр выкарыстаў даследаванне намесніка дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерыя Шышанава "Віцебскі музей сучаснага мастацтва: гісторыя стварэння і калекцыі". У працы яму дапамагалі віцебскія музеі: музей Марка Шагала і Цэнтр сучаснага мастацтва. Па ўмовах дагавора з прадзюсарскай кампаніяй, рэжысёр не змог назваць імёны акцёраў, зацверджаных на галоўныя ролі, але запэўніў, што гэта вядомыя і любімыя гледачамі расійскія артысты.
Здымкі фільма пройдуць у Санкт-Пецярбургу і Віцебску. Як прызнаўся рэжысёр, у Віцебску, практычна да заснавання разбураным у гады Вялікай Айчыннай вайны, ён не спадзяваўся знайсці натуру. Аднак жаданне паказаць у фільме дух Віцебска, горада, дзе нарадзіўся і жыў Шагал, было вельмі вялікім. Здымачная група здолела адшукаць неабходную натуру, і цяпер тут вядуцца падрыхтоўчыя работы - вырабляюцца дэкарацыі. Да работы прыцягнуты віцебскія мастакі. Плануецца, што здымкі пачнуцца ў Віцебску ў канцы ліпеня. Да верасня ўвесь здымачны працэс завершыцца. Аб даце прэм'еры Аляксандр Мітта прамаўчаў, спаслаўшыся на тое, што здымка - гэта толькі невялікая частка кінавытворчасці.
Як спадзяецца Аляксандр Мітта, яго фільм пра Шагала і Малевіча не толькі дапаможа прасоўванню мастацтва, але і прыцягне яшчэ большую ўвагу да Віцебска, дзе тварылі гэтыя геніі.-0-