Падрыхтоўка да «Дажынак-2018» працягваецца ў Верхнядзвінску
Так, прыемным падарункам для верхнядзвінцаў гэтым летам стала адкрыццё новай хакейнай пляцоўкі, на добраўпарадкаванне якой з абласнога бюджэту было выдзелена 100 тысяч рублёў.
Цяпер юныя верхнядзвінскія хакеісты будуць трэніравацца ў годных умовах, і шансы на дасягненне такога ж выніку, як дабіліся раней іх папярэднікі, якія заваявалі ў свой час галоўны прыз рэспубліканскіх спаборніцтваў «Залатая шайба», узрастуць.
У добраўпарадкаванні пляцоўкі прымалі ўдзел і самі верхнядзвінцы. У выніку з'явіўся новы выдатны аб'ект, які, безумоўна, стане візітнай карткай горада. Сучасная вулічная зацямпаваная пляцоўка выканана без раскосаў з прамымі слупкамі. Для яе бартоў выкарыстаны надзейны пластык, устаноўлены брамкі, тэхналагічныя вароты і лаўкі для запасных гульцоў.
Да «Дажынак-2018» рыхтуецца і шэраг іншых спартыўных аб'ектаў — гарадскі стадыён, комплексная спартыўная пляцоўка са штучным пакрыццём, на якой можна будзе гуляць у футбол, валейбол, баскетбол і тэніс.
Але, мабыць, самым чаканым і значным падарункам стане фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Імпульс». Работа на гэтым аб'екце вялася поўным ходам, штодня будынак літаральна пераўтвараўся на вачах гараджан. Як паведаміў намеснік старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама Сяргей Валковіч, асноўныя будаўніча-мантажныя работы ўжо завершаны, выканана аздабленне. Цяпер расстаўляецца мэбля, усталёўваюцца трэнажоры.
У ФАК ёсць і басейн, які ўяўляе сабой складаную інжынерную пабудову па частцы насычанасці абсталяваннем. Бетанаванне яго чары было выканана яшчэ ў снежні 2017-га з выкананнем усіх неабходных тэхналогій пры правядзенні работ у зімовы час. Усталёўвалі канструкцыю работнікі фірмы СП СУ-232 ААТ «Жылбуд» горада Віцебска. На завяршальным этапе мантаж тэхналагічнага абсталявання па водаачыстцы. Ужо зусім хутка чару будуць спрабаваць запаўняць вадой.
Каля «Імпульса» заасфальтавана прылеглы тэрыторыя, дзе наведвальнікам можна будзе прыпаркаваць машыны.
Таксама ёсць добрая навіна і для аматараў скейтборда: у райцэнтры думаюць набыць і ўсталяваць скейтпарк.