Падрыхтоўка да абласных «Дажынак-2018» у Верхнядзвінску набліжаецца да фінішу. Што змянілася ў райцэнтры?

У заключную стадыю ўвайшла падрыхтоўка да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2018» у Верхнядзвінску. Здолеўшы прыцягнуць вялікія аб'ёмы інвестыцый, самы паўночны раён краіны атрымаў новы імпульс да развіцця.

Прымаць гасцей маштабнага сельскагаспадарчага форуму ў Верхнядзвінску рыхтуюцца з усёй адказнасцю. Парадак наводзіцца не толькі на тэрыторыях – значна абнавілася сацыяльная інфраструктура.

— Працуем у напружаным рытме, на рэканструкцыі і будаўніцтве аб'ектаў асвоена больш за 15 млн рублёў. Людзі рады пераменам, горад пераўтвараецца на вачах, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Валковіч.

Усяго ў праграме падрыхтоўкі да «Дажынак» — больш за 200 аб'ектаў

Большасць з іх уведзены ў строй, на астатніх работы выйшлі на фінішную прамую. У новым абліччы ўжо паўсталі СШ №2 і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, праведзена рэканструкцыя цэнтральнай плошчы Юбілейнай, добраўпарадкаваны гарадскі сквер і ўчастак набярэжнай Дзвіны, пабудаваны сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс з плавальным басейнам, саўнай, трэнажорамі і залай для фітнесу, завяршаецца капітальны рамонт у раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.

Істотна змяніўся жылы фонд. У стадыі завяршэння будаўніцтва 12-кватэрнага дома для сем'яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У 22 дамах праведзены бягучы, а ў сямі — капітальны рамонт, і гэтыя работы будуць працягвацца да канца года.

І ў самым горадзе, і на пад'ездах да яго заўважна палепшылася якасць вулічна-дарожнай сеткі. Пракладзены кіламетры асфальту, добраўпарадкаваны тэрыторыі, разбіты газоны і клумбы, устаноўлены малыя архітэктурныя формы, якія падкрэсліваюць асаблівасці краю.

Яшчэ больш прывабнасці сталіцы «Дажынак» дадалі арыгінальныя кветкавыя кампазіцыі, створаныя ўдзельнікамі абласнога конкурсу прафмайстэрства па ландшафтным дызайне, які прайшоў у Верхнядзвінску.

Важна, што да агульнай справы актыўна далучыліся працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый раёна, суб'екты малога бізнесу, індывідуальныя прадпрымальнікі. Парадак на сваіх падворках працягваюць наводзіць гаспадары прыватных домаўладанняў.

У Год малой радзімы жыхары Верхнядзвіншчыны па-сапраўднаму згуртаваліся, стараючыся прыкласці максімум намаганняў, каб горад і сельскія населеныя пункты сталі яшчэ больш камфортнымі для жыцця. Бо і пасля правядзення свята абноўленая інфраструктура будзе працягваць служыць людзям.

"Віцебскія весці".