Сапраўдная жывапісная праца Марка Шагала можа з'явіцца ў музеі ў Віцебску

Сапраўдны жывапісны твор Марка Шагала можа з'явіцца ў музеі ў Віцебску. Тэму перадачы ў дар музею Марка Шагала ў Віцебску сапраўднага жывапіснага твора сусветна вядомага мастака закрануў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец падчас сустрэчы з паслом Ізраіля ў Беларусі Іосіфам Шагалам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як падкрэсліў губернатар, у Віцебску, вядомым усяму свету як месца нараджэння Марка Шагала, успяваемым у яго творах, няма ніводнай яго жывапіснай карціны.

У ліпені 2014 года арт-цэнтр музея Марка Шагала адсвяткуе наваселле. Аляксандр Косінец запрасіў прыняць удзел у гэтым важным для ўсіх прыхільнікаў творчасці знакамітага мастака мерапрыемстве Іосіфа Шагала, адзначыўшы, што знакавым і каштоўным падарункам да гэтай падзеі для музея стаў бы жывапісны арыгінал вялікага майстра.

Іосіф Шагал выказаў удзячнасць за запрашэнне і паабяцаў аказаць садзейнічанне ў вырашэнні пытання па вяртанні жывапіснага палатна Марка Шагала ў Віцебск. У сваю чаргу, пасол закрануў тэму стварэння Сцяны памяці праведнікаў свету - беларусаў, якія ратавалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны яўрэяў. На сёння іх у Беларусі налічваецца 722 чалавекі. Іосіф Шагал падкрэсліў, што блізкасць адносін Ізраіля і Беларусі вызначаецца тым, што народы разам прайшлі праз вайну.

У цяперашні час у фондах музея Марка Шагала ў Віцебску знаходзіцца 300 твораў яго тыражнай графікі, удакладніла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар установы культуры Людміла Хмяльніцкая.

Вольга Багачова