Сапраўдныя працы Восіпа Цадкіна ўпершыню былі прадстаўлены на персанальнай выставе ў Віцебску
У Віцебскім мастацкім музеі адкрылася выстава аднаго з найбуйнейшых прадстаўнікоў авангарднай скульптуры XX стагоддзя Асіпа Цадкіна.
Жыхары і госці горада ўпершыню маюць магчымасць убачыць у такім аб'ёме экспазіцыю нашага земляка, якога энцыклапедыя адносіць да французскіх скульптараў. Цікавая дэталь: Асіп Цадкін у 1900 –1902 гадах вучыўся ў Віцебскім гарадскім чатырохкласным вучылішчы разам з Маркам Шагалам і будучым мастаком Віктарам Меклерам. А нарадзіўся ён у сям'і выкладчыка старажытных моў. У 1905-м быў адпраўлены да сваякоў на поўнач Англіі, браў урокі ваяння ў мясцовай мастацкай школе, затым жыў у Лондане, пастаянна наведваў Брытанскі музей, вучыўся ў Палітэхнічнай школе. У 1909-м пераехаў у Парыж, пасяліўся на Манпарнасе, паступіў у Нацыянальную школу вытанчаных навук, працаваў ва «Улье». Сябраваў з Апалінэрам, Пікасо, Мацісам, Мадыльяні (які пакінуў графічны партрэт Цадкіна). Яго працы выстаўляліся ў парыжскім Восеньскім салоне і Салоне незалежных, а пазней у Берліне, Амстэрдаме, Лондане, Токіа, Венецыі, Брусэлі, Нью-Ёрку. У гады Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў ЗША, затым вярнуўся ў Парыж.
У Ратэрдаме ўзведзены манумент «Разбураны горад» работы Асіпа Цадкіна, ён таксама аўтар помнікаў Ван Гогу ў Францыі і Нідэрландах. Памёр скульптар у 1967 годзе і пахаваны на могілках Манпарнас. У Парыжы адкрыты музей нашага земляка, яго імем названа адна з вуліц.
У Віцебску, на жаль, ніяк не ўшанаванае імя Восіпа Цадкіна. І толькі два гады таму дзве яго працы (напісаная гуашшу карціна «Возера» і скульптура «Малая П’ета») ўпершыню былі паказаны на радзіме скульптара – на выставе «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі» з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, якая таксама праходзіла ў Мастацкім музеі. У цяперашняй экспазіцыі – 6 графічных работ і адна скульптура. Тут таксама прадстаўлены кнігі і паштоўка Восіпа Цадкіна Юрыю Пэну са збору абласнога краязнаўчага музея.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"