Падпісана праграма мер па выкананні Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой у Віцебскай вобласці

Подписана программа мер по выполнению Соглашения о сотрудничестве между Республикой Беларусь и Белорусской православной церковью в Витебской области
Праграма мер па выкананні Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой у Віцебскай вобласці на 2021-2025 гады адлюстроўвае галоўныя напрамкі сумеснай працы ў розных сферах.

Гэты асноватворны дакумент, накіраваны на ўзаемадзеянне, або як кажуць праваслаўныя святары – супрацоўніцтва, улады і царквы, ва ўрачыстай абстаноўцы падпісалі кіраўнік вобласці Мікалай Шарснёў, архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнат. На цырымоніі прысутнічалі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, кіраўнікі падраздзяленняў аблвыканкама.

– Узаемадзеянне ўлады з царквой – важны фактар грамадскай стабільнасці, грамадзянскага адзінства і міжканфесійнага міру на беларускай зямлі. Пагадненне, якое мы падпісалі, з'яўляецца залогам міру і спакою, накіравана на кансалідацыю грамадства, – адзначыў Мікалай Шарснёў.

Старшыня аблвыканкама таксама падкрэсліў, што царква заўсёды была і застаецца побач з народам. У цяжкія хвіліны жыцця чалавек прыходзіць у храм, звяртаецца да Бога. Нельга пераацаніць ролю праваслаўя ў духоўным, маральным выхаванні, у першую чаргу маладога пакалення.

У праграму ўключаны дзевяць раздзелаў і 115 пунктаў, якія датычацца прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва. Гэта выхаванне і адукацыя, культура і творчая дзейнасць, ахова, аднаўленне і развіццё культурна-гістарычнай спадчыны, ахова здароўя, ахова навакольнага асяроддзя, развіццё спорту і турызму, сацыяльная абарона, дабрачыннасць, садзейнічанне ўмацаванню сям'і, мацярынства і дзяцінства, апека над асобамі, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі і адбываюць пакаранне, і іншае.

Намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін адзначыў, што на Віцебшчыне зарэгістраваны 301 праваслаўны прыход, дзейнічаюць 242 храмы, яшчэ 27 будуюцца. Першае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой было падпісана ў 2003 годзе і падаўжаецца, дапаўняецца кожныя пяць гадоў. Гэты дакумент надае імпульс сумеснай працы на карысць грамадства.

– Час патрабуе новых адказаў, з'яўляюцца сучасныя формы супрацоўніцтва. У прыватнасці, у пагадненне ўвайшлі важныя для праваслаўя даты: дзесятая гадавіна кананізацыі першага новамучаніка Беларусі святара Канстанціна Жданава. На подзвігу святых мы стараемся выхоўваць людзей, якія прыходзяць у храм і пакуль далёкія ад царквы, але ўжо на шляху. А ў наступным годзе мы будзем святкаваць 1030-годдзе ўтварэння праваслаўнай Полацкай епархіі, – сказаў епіскап Ігнацій.

А архіепіскап Дзімітрый звярнуў увагу на яшчэ адну значную дату – 800-годдзе з дня нараджэння святога Аляксандра Неўскага, які мае непасрэднае дачыненне да віцебскай і полацкай зямлі. І падкрэсліў, што ў аснове ўсяго павінна быць любоў – да Найвышэйшага, людзей, малой радзімы, Айчыны.

"Віцебскія весці".