Падпольная лабараторыя па вырошчванні марыхуаны раскрыта ў Віцебску

12 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Падпольная лабараторыя па вырошчванні марыхуаны раскрыта ў Віцебску. Аб гэтым паведаміў сёння на брыфінгу начальнік аддзялення па наркакантролі і барацьбе з гандлем людзьмі Кастрычніцкага РАУС Віцебска Ігар Эсаулаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Віцяблянін, які працуе на адным з прадпрыемстваў абласнога цэнтра, трапіўся на дробным крадзяжы ў краме. Пры яго даглядзе ў красоўцы была выяўлена здробненая маса марыхуаны, што дало падставу супрацоўнікам праваахоўных органаў бліжэй пазнаёміцца як з 25-гадовым маладым чалавекам, так і з яго жыллём. Апошняе аказалася асабліва пазнавальным: у адным з пакояў прыватнага дома была абсталявана лабараторыя па вырошчванні марыхуаны. Спецыяльнае абсталяванне (сістэмы паліву, харчавання, асвятлення, падтрымкі тэмпературы і г.д.), коштам каля Br3 млн., віцяблянін прывёз з Масквы. Насенне заказваў па Інтэрнэце з Галандыі і праз знаёмых з Санкт-Пецярбурга. Усю неабходную інфармацыю па культываванні расліны ён запазычыў з Інтэрнэту. Усяго пры вобыску ў доме ў аматара экзатычных раслін было канфіскавана 5,2 кг марыхуаны (14 кустоў) і каля 100 г гатовай здробненай масы. Мяркуецца, што наркатычны сродак хлопец планаваў рэалізоўваць сярод моладзі горада. За захоўванне і вырошчванне забароненай да культывавання культуры ў дачыненні да мужчыны ўзбуджана дзве крымінальныя справы па ч.1 арт.328 і ч.2 арт.329 Крымінальнага кодэкса Беларусі, максімальная мера пакарання па якіх прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Вядзецца следства.-0-