Падпольная наркалабараторыя знята з эксплуатацыі ў Аршанскім раёне
27 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Супрацоўнікі міліцыі спынілі дзейнасць падпольнай лабараторыі па вырабе наркатычных сродкаў у Аршанскім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама.
У ходзе рэалізацыі спецыяльнай праграмы "Мак" праваахоўнікі затрымалі непрацуючага жыхара райцэнтра 1965 года нараджэння. Ён прыстасаваў пад вырошчванне канопляў адно з памяшканняў у сваім дачным доміку, размешчаным на станцыі Руміна ў Аршанскім раёне. Там было змантавана штучнае асвятленне, арганізаваны рэгулюемы тэмпературны рэжым і рэжым вільготнасці. Як устаноўлена, лабараторыя праіснавала з пачатку 2009 года. Пры вобыску былі канфіскаваны кусты канопляў агульнай вагой больш за 1 кг, якія ўтрымліваюць псіхатропнае рэчыва тэтрагідраканабінол і могуць выкарыстоўвацца для вырабу марыхуаны, гашышу і гашышнага масла. Акрамя таго, міліцыянеры канфіскавалі звыш 160 г марыхуаны.
Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт.329 Крымінальнага кодэкса Беларусі ("Пасеў або вырошчванне забароненых да культывавання раслін, якія змяшчаюць наркатычныя рэчывы"), якая прадугледжвае пакаранне аж да пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў. -0-