Падпраграма «Вітнафтахім»: інавацыйная прадукцыя для сябе і на экспарт

Подпрограмма «Витнефтехим»: инновационная продукция для себя и на экспорт

Сёння развіццю хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці ўдзяляецца пільная ўвага. Гэта і зразумела, бо ад галіны залежыць функцыянаванне паліўна-энергетычнага комплексу, які займае важнае месца ў эканоміцы нашага рэгіёна і з'яўляецца магутнай базай для функцыянавання ўсіх астатніх напрамкаў. Асабліва гэта актуальна ва ўмовах павышэння коштаў на энерганосьбіты і аб'ёмаў іх спажывання. З мэтай пашырэння, абнаўлення асартыменту, павышэння канкурэнтаздольнасці, якасці выпускаемай прадукцыі нафтахімічнымі прадпрыемствамі і была распрацавана ў 2011 годзе падпраграма «Вітнафтахім». Хто задзейнічаны ў яе рэалізацыі, што зроблена на сённяшні дзень і якія перспектывы?

Рэсурсныя магчымасці прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу Віцебшчыны ў цяперашні час дазваляюць вырабіць прадукцыю рознага асартыменту. Тавары рэалізуюцца ў Расію, Украіну, Прыбалтыку, а таксама ў краіны далёкага замежжа. У асноўным гэта сілавыя кабелі розных напружанняў, плёнка, пакеты пакавальна-тарныя, тавары гаспадарчага прызначэння, вокны, трубная прадукцыя з поліэтылену і іншае. Шмат у чым гэта стала магчымым дзякуючы рэалізацыі падпраграмы «Вітнафтахім». На яе выкананне з 2011 года было накіравана 100 мільярдаў рублёў.

– Гэта, да прыкладу, такія інвестыцыйныя і інавацыйныя праекты, як арганізацыя вытворчасці сучасных і перспектыўных змазачных маслаў, тары для нафтахімічнай і харчовай прамысловасці, харчовай бар'ернай шматслаёвай плёнкі з нанясеннем друку, гафрыраваных дрэнажных труб, – тлумачыць намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама – начальнік упраўлення прамысловасці Жанна Шарандо. – Нямалыя сродкі затрачаны і на абнаўленне абсталявання.

Рэалізацыя задуманага і дасягненне добрага выніку было б немагчымым без мадэрнізацыі. Бо толькі тады можна казаць пра стварэнне інавацыйнага прадукту.
Так, СТАА «БелЦітан» арганізавала выпуск харчовай бар'ернай шматслаёвай плёнкі з нанясеннем друку. З канвеера выйшла 5,8 тысячы тон такой прадукцыі на суму 80,6 мільярда рублёў, пастаўлена на экспарт – на 509,7 тысячы долараў. Да таго ж новае вытворчасць дазволіла стварыць 142 дадатковыя працоўныя месцы.

Адно з вядучых прадпрыемстваў па вырабах з палімерных матэрыялаў ААТ «Інвет» (Бігасава, Верхнядзвінскі раён) увяло ў эксплуатацыю лінію па вытворчасці гафрыраваных дрэнажных труб. Гэтая прадукцыя дапамагла многім суб'ектам гаспадарання, асабліва меліярацыйнай галіне, адмовіцца ад імпартных паставак і зэканоміць на кошце.

– За час функцыянавання лініі, гэта значыць з мая 2012 года, мы вырабілі больш за 700 кіламетраў труб. Асноўная наша задача – забяспечыць гэтай прадукцыяй Віцебшчыну. Але спрабуем выходзіць і на знешні рынак. Нядаўна невялікія аб'ёмы адправілі ў Маскву і Санкт-Пецярбург, – адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Інвет» Сяргей Грамадко.  

Перад ТАА «ПРА «Энергакомплект» стаяла задача выпуску безгалогеннага вогнестойкага сілавога кабеля, які будзе выкарыстоўвацца на стратэгічных буйных прадпрыемствах краіны ў мэтах забеспячэння бяспекі. У выніку першыя партыі новай прадукцыі ўбачылі свет. Як растлумачыў дырэктар па развіцці «Энергакомплекта» Люцыян Жылінскі, зараз актыўна ідзе працэс асваення вытворчасці, а дзве набытыя фінскія лініі дазволяць выпускаць такі кабель у вялікіх аб'ёмах.

Мадэрнізацыя закранула і СТАА «Саюз-Кабель». Набыта і змантавана абсталяванне для выпуску кабеля, браніраванага сталёвай стужкай, а таксама для перамоткі сталёвай драцяніцы. Гэта павялічыла аб'ём вытворчасці ў натуральным выражэнні на 37 працэнтаў да ўзроўню 2011 года.
Працягваецца рэалізацыя праекта СТАА «ЛЛК-Нафтан» па вытворчасці прысадак, якія забяспечваюць выпуск сучасных і перспектыўных змазачных алеяў. Уведзена новае абсталяванне па ачыстцы прысадак і вузел захоўвання метанолу. У дадзены момант вядзецца рэканструкцыя рэактарнага блока цэха №3 і лабараторыі.

– Усяго па выніках 2012 года прадпрыемствамі нафтахімічнага комплексу, уключанымі ў падпраграму, выраблена прамысловай прадукцыі на суму 1,3 трыльёна рублёў, або 158,1 працэнта да ўзроўню папярэдняга, – падсумавала Жанна Шарандо. Як бачым, у рэалізацыі «Вітнефтехіма» задзейнічаны не толькі дзяржаўныя, але і прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці, якія таксама зацікаўлены ў поспеху і стабільнасці рэгіёна. Не застаецца погляду і яшчэ адзін важны напрамак функцыянавання галіны: зніжэнне энергаёмістасці і павышэнне энергаэфектыўнасці, якія павінны быць ключавымі ў арганізацыі тэхналагічнага працэсу.

У межах падпраграмы «Вітнефтехім» у 2013-2015 гадах працягнецца рэалізацыя інвестыцыйных праектаў на СТАА «БелТытан», мадэрнізацыя вытворчасці ў СТАА «ЛЛК-Нафтан», ААТ «Інвет», ТАА «ПА «Энергакамплект». Адпаведна, разам з аб'ёмамі вытворчасці і асваеннем новых відаў прадукцыі павінен вырасці і экспарт. Зрэшты, віцебскія прадпрыемствы ўжо шырока вядомыя замежным спажыўцам, бо асноўная доля выпускаемых тавараў хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці ідзе менавіта за мяжу. Да таго ж у асобных відаў гэтай прадукцыі пакуль няма аналагаў.
 
«ВР».