Падраздзяленням Мінпрыроды неабходна больш актыўна працаваць з грамадскімі інспектарамі - В.Цалко
27 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Гарадскім і раённым інспекцыям прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя неабходна больш актыўна працаваць з грамадскімі інспектарамі. Такое меркаванне выказаў сёння кіраўнік Мінпрыроды Беларусі Уладзімір Цалко ў ходзе падагульняючай калегіі Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Уладзіміра Цалко, уклад гэтых людзей у экалагічнае выхаванне моладзі, ахову навакольнага асяроддзя можа быць больш важкім. Для гэтага трэба часцей прыцягваць іх да ўдзелу ў розных мерапрыемствах, заахвочваць і дапамагаць у рабоце. "Школьнікі, грамадскія інспектары і маладзёжныя арганізацыі - наш актыў, які неабходна максімальна задзейнічаць у асветніцкай рабоце", - падкрэсліў міністр.
2010 год абвешчаны ААН Міжнародным годам біялагічнай разнастайнасці. План мерапрыемстваў па ўдзеле Беларусі ў яго святкаванні ўжо зацверджаны. Аднак для большай эфектыўнасці да ўдзелу ў іх неабходна таксама прыцягваць грамадскія арганізацыі, дадаў Уладзімір Цалко.-0-