Падлетак пацярпеў ад выбуху петарды ў Аршанскім раёне

10 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Непаўналетні пацярпеў у Аршанскім раёне ад выбуху петарды, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным упраўленні МНС. Няшчасны выпадак адбыўся з 14-гадовым жыхаром Смаленска, які прыехаў на калядныя святы да родных у вёску Сафіеўка. Падлетак падпаліў петарду, якая выбухнула ў яго ў руках. У выніку хлопчык атрымаў тэрмічны апёк твару 1-2 ступені на плошчы 2%. Цяпер ён шпіталізаваны ў мясцовую бальніцу. За час навагодніх святаў у Віцебскай вобласці гэта ўжо чацвёрты выпадак траўміравання пры выкарыстанні піратэхнікі, адзначылі ў МНС. Усяго з пачатку года па стане на 10 студзеня ў рэгіёне адбылося 55 пажараў (на два выпадкі больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года), у тым ліку 23 - за мінулыя выхадныя. У агні загінула 9 чалавек (адпаведна на 5 менш), у тым ліку двое - з 7 па 10 студзеня. Прычынай няшчасных выпадкаў стала курэнне ў нецвярозым стане і парушэнне правілаў эксплуатацыі печанага ацяплення.-0-