Паэтапнае адключэнне ацяплення пачалося ў Віцебскай вобласці
13 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Паэтапнае адключэнне ацяплення пачалося ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама Анатоль Судак.
Паводле яго слоў, аператыўнай групай па аптымізацыі цеплазабеспячэння аблвыканкама прынята рашэнне аб адключэнні з сённяшняга дня сістэм ацяплення вытворчых і адміністрацыйных будынкаў, аб'ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння. Паэтапнае адключэнне цяпла ў жылым фондзе пачнецца ў паўночным рэгіёне краіны з 16 красавіка. Пры гэтым у дзіцячых садках і ўстановах аховы здароўя рашэнне аб завяршэнні ацяпляльнага сезона будзе прымацца па меркаванні кіраўнікоў гэтых устаноў.
Анатоль Судак таксама распавёў аб задачах, якія трэба выканаць у сістэме ЖКГ у наступным міжсезонні. Так, у вобласці плануецца замяніць 110 км цеплавых сетак, увесці 32 МВт цеплавой магутнасці катлоў з механізаванай загрузкай у Бешанковіцкім і Полацкім раёнах, Оршы, Лёзне, Віцебску і Полацку, нарыхтаваць 320 тыс. шчыльных куб.м дроў, 60 тыс. шчыльных куб.м шчэпак. Па даручэнні старшыні аблвыканкама на баланс ЖКГ пачнецца перадача кацельняў упраўлення адукацыі аблвыканкама (за 2012-2013 гады плануецца перадаць усе 160 цеплакрыніц). Усяго ж да новага ацяпляльнага перыяду трэба будзе падрыхтаваць больш за 500 цеплакрыніц.-0-