«Поезд Перамогі» распачаў сваё падарожжа па Беларусі
З самай раніцы ў чаканні адкрыцця перасоўнага музея тут сабраліся мясцовыя жыхары, школьнікі, госці горада, а таксама ўсе неабыякавыя да тэмы Вялікай Айчыннай вайны людзі.
Значнасць гэтай падзеі адзначыў першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Калачоў. У мінулым годзе пазнаёміцца з унікальным праектам змаглі каля 2 тыс. аршанцаў. Сёлета наведвальнікаў чакаецца не менш, бо цікавасць да яго не змяншаецца, перакананы ён:
- Цяпер многія спрабуюць перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Наша задача данесці да падрастаючага пакалення праўду аб вялікім подзвігу партызан і падпольшчыкаў, байцоў і афіцэраў, мірных жыхароў – усіх, хто куйваў Вялікую Перамогу. Прыемна бачыць тут шмат моладзі – унукаў і праўнукаў пераможцаў. У такія дні мы заўсёды разам і нашу перамогу нікому не аддамо!
Віктар Калачоў звярнуў таксама ўвагу, што ў Беларусі, у тым ліку і ў Аршанскім раёне, шмат робіцца па ўшанаванні памяці герояў. Знакавай падзеяй у гэты юбілейны для раённага цэнтра год стане адкрыццё новага музея імя Канстанціна Заслонава. «Гэта будзе даніна памяці вялікаму комбрыгу. Акрамя прысвечанай яму залы там будуць экспазіцыі аб укладзе жыхароў раёна ў агульную перамогу, воінах-інтэрнацыяналістах. Гэты музей стане цэнтрам патрыятычнага выхавання і прыцягнення ўсіх, хто цікавіцца тэмай вайны», - перакананы ён.
Яркімі звязкамі вылучаюцца сярод шматлікіх жадаючых трапіць у музей школьнікі. Абмежаванне па ўзросце – старэйшыя за 12 гадоў. Яно становіцца зразумелым, калі трапляеш унутр музея, дзеліцца сваімі ўражаннямі навучэнец трэцяга курса Аршанскага чыгуначнага каледжа Аляксандр Гарбанёў. Другі год запар ён прыцягнуты да праекта валанцёрам і вельмі гэтаму рады:
- Усё зроблена вельмі рэалістычна. Кожны наведвальнік у поўнай меры адчувае «эфект прысутнасці». Гэта чапляе за душу так, што мурашкі па скуры. Самыя моцныя ўражанні ў мяне, ды і ў большасці людзей, выклікае вагон канцлагера, дзе адноўленая аўтарамі карціна кранае да мурашак па скуры. Прыходзіць усведамленне, наколькі жахлівымі былі ўмовы ўтрымання палонных, як гэта страшна. Нават зараз, наведваючы цягнік другі раз, ён выклікае буру эмоцый, пачуцці не згасаюць. Я заходжу, і як у першы раз, зноў пагружаюся ў старонкі гісторыі, нашай спадчыны. Упэўнены, кожны чалавек, выходзячы з цягніка, адчувае гонар за подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў, каштоўнасць іх падарунка - мірнага неба над нашай краінай. Таму ні адна экскурсія не абыходзіцца без слёз.
Згодны з юным гідам, які выйшаў з экскурсіі, 87-гадовы Віктар Юранаў. У шасцігадовым узросце разам з бацькамі і трыма сёстрамі ён трапіў у палон і на падобным, як у цягніку, вагоне быў вывезены ў Асвенцім, знаходзіўся ў іншых канцлагерах. Далей было вызваленне, вяртанне на радзіму, перыяд аднаўлення краіны, народнай гаспадаркі, узгадвае ветэран:
- Я сам усё бачыў і перажыў усе гэтыя жахі. Такія праекты абавязкова патрэбныя для моладзі. Яны дапамагаюць глыбей усвядоміць трагедыю, якую давялося перажыць нашаму народу. Новыя пакаленні павінны ведаць, як гэта страшна насамрэч, каб ніколі такія падзеі не паўтарыліся зноў.
Яго словы паўтараюць думкі ветэрана Зінаіды Кантаніставай, якая ў юныя гады 90 дзён пражыла ў блакадным Ленінградзе. Са слязамі на вачах жанчына аглядае дагледжаны вакзал, квітнеючую зеляніну, усмешлівыя твары гараджан і вяртаецца ў рэальнасць:
- У нас спакойнае жыццё, дай Бог, каб нашай зямлі больш не ведаць вайны, і дзякуй нашаму Прэзідэнту, што ён стараецца, каб усё ў нас было добра.
Маршрут другога падарожжа «Поезда Перамогі» ахопіць 17 гарадоў Беларусі і будзе доўжыцца на працягу месяца. Яго ўбачаць у Оршы, Полацку, Віцебску, Крычаве, Жлобіне, Асіповічах, Баранавічах, Лунінцы, Пінску, Брэсце, Гродне, Калінкавічах, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Салігорску і Мінску. Графік руху складзены з улікам дзяржаўных святаў і памятных дат. Напрыклад, у Брэст «Поезд Перамогі» прыбудзе 21 чэрвеня, напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. У Магілёве экспазіцыя будзе знаходзіцца 28 чэрвеня, у Дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Завершыцца тур па Беларусі ў Мінску - у дні святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
«Поезд Перамогі» – маштабны гісторыка-асветніцкі праект, створаны ў Расійскай Федэрацыі. У Беларусі ў 2022 годзе ён рэалізуецца па ініцыятыве Беларускай чыгункі сумесна з ААТ «Расійскія чыгункі» ў рамках Года гістарычнай памяці. Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і актыўным садзейнічанні Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра. У мінулым годзе экспазіцыю перасоўнага музея наведалі больш за 25 тыс. жыхароў Беларусі, паведамілі ў БЧ. Няма сумненняў, што і ў гэты раз яго прыбыццё стане знакавай падзеяй для кожнага з населеных пунктаў, бо лісты з просьбай прывезці праект у іх горад па-ранейшаму паступаюць арганізатарам з усіх куткоў Беларусі і Расіі.
Праект уяўляе сабой унікальную інтэрактыўную экспазіцыю, заснаваную на «эфекце прысутнасці», якая прысвечана подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і створана на базе вагонаў перасоўнага выставачна-лекцыйнага комплексу. Наведвальнікаў перасоўнага музея чакае ўнікальнае падарожжа з поўным пагружэннем у падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якое створана з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. У складзе «Поезда Перамогі» 9 экспазіцыйных вагонаў, адзін з якіх прысвечаны подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці — удзельнікам гераічнай абароны, салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі.
У аснове экспазіцыі — трохмерныя панорамы: жывапісныя палотны, макеты ў натуральную велічыню і шмат прадметнага плана на адлегласці выцягнутай рукі.
Маршрут па «Поездзе Перамогі» — гэта пераход ад аднаго эпізоду да іншага. Перадваенныя гады – Вялікая Айчынная – Перамога. На сённяшні дзень у музеях свету няма такой колькасці шматфігурных кампазіцый у скульптуры.
Усе рашэнні, якія выкарыстоўваюцца ў экспазіцыі, дазваляюць паказаць маштаб падзей, прадставіць подзвіг савецкага народа.
Праект «Поезд Перамогі» з'яўляецца сацыяльным, як у Расійскай Федэрацыі, так і ў Рэспубліцы Беларусь. Час працы экспазіцыі з 10.00 да 20.00, перапынак з 14.00 да 15.00. Экспазіцыя рэкамендавана да наведвання дарослымі і дзецьмі старэйшыя за 12 гадоў.
"СБ".