Цягнік Віцебск-Полацк затрымаўся на 36 хвілін з-за міны

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дызель-поезд Віцебск-Полацк затрымаўся 22 жніўня на 36 хвілін з-за міны, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар УУС на транспарце МУС Аляксандр Марчанка. У 11.50 паблізу чыгуначнага пераезду на 549-м км станцыі Старое Сяло трактарыст пры правядзенні зямельных работ па ўкладцы кабеля выявіў небяспечную знаходку. Група размініравання ўстанавіла, што гэта міна калібра 120 мм часоў Вялікай Айчыннай вайны. Яна была вынята і ўтылізавана. У транспартнай міліцыі дадалі, што нароўні з такімі рэальнымі пагрозамі нармальнай працы чыгункі па-ранейшаму перашкаджаюць ілжэмінеры. Так, 20 жніўня ў 18.55 з цягніка Мінск - Гомель на станцыі Буда-Кашалёўская міліцыянеры былі вымушаны вывесці п'янага пасажыра. Гэты 46-гадовы жыхар Мінска сказаў правадніку, што адзін з вагонаў замініраваны. Былі эвакуіраваны 30 пасажыраў, а састаў перастаўлены на запасны шлях. Выбуховае прыстасаванне не выявілі, але затрымкі ў руху пазбегнуць не ўдалося. Яна склала 10 хвілін. У дачыненні да "мінёра" узбуджана крымінальная справа па ч.1 арт.340 "Заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы" КК Беларусі, якая прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі.-0-