Надвор'е – пад бульбу. Віцебскія навукоўцы прапануюць саджаць бульбу ў пачатку красавіка і дапамагаюць дранікам стаць смачнейшымі

Такой думкі прытрымліваецца Алег Раўбіс, загадчык аддзела бульбаводства Віцебскага занальнага інстытута сельскай гаспадаркі НАН Беларусі. На базе апошняга, у Тулаве, нядаўна правялі незвычайную дэгустацыю, галоўным героем якой стала бульба. Ацаніць дзевяць сартоў і два эксперыментальныя ўзоры прапанавалі гасцям: прадстаўнікам сельгаспрадпрыемстваў, мясцовай улады, камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама і проста жыхарам аграгарадка. Самымі смачнымі дружна прызналі «лілею» і «маніфест», якія набралі пароўну галасоў.


Хто б ведаў, што фіялетавая бульба ў адварным выглядзе прыемна салодкая, а дранікі, зробленыя па навуцы, смачнейшыя. Са­крэт — у выбары правільнага, гэта значыць прыдатнага са­рту, накшталт ранняй «лілеі». Менавіта на яго ў Віцебскай вобласці ўпору рабіць стаўку. Яшчэ нядаўна пры халоднай зіме ўсё было інакш, разважае Алег Раўбіс:

— Арыентаваліся на сярэднепознюю групу, напрыклад, сорт «вектар», які дае больш за 60 тон з гектара. Цяпер уважлівей глядзім на «лілею» з яе ўраджайнасцю ад 60 да 80 тон. Надвор'е дазваляе. Глебы і клімат Віцебшчыны для бульбы не самыя ўдалыя. Дадайце да гэтага нестабільныя ўмовы надвор'я: па­сменныя засухі і зацяжныя дажджы, калі за два тыдні можа выпа­сці да 200 працэнтаў месячнай нормы ападкаў, і зразумееце, чаму за змяненнем клімату пільна сочаць і селекцыянеры, і аграрыі. Мяккая зіма дае надзею, што зможам прыступіць да пасадкі дзён на 10 раней — ужо ў пачатку — сярэдзіне красавіка. Вядома, калі глеба акажацца гатовая, а сума актыўных тэмператур будзе вышэй за 7 градусаў. 


Аграрная навука не стаіць на месцы. Штогод выводзяць новыя сар­ты, якія прайшлі жорсткі «кастынг» у лабараторыях, цяпліцах і на палях. Так, навінкі 2019—2020 гадоў — гэта сарты «палац» і «нара», працягвае суразмоўца:

— У вобласці іх можна набыць толькі ў селекцыянераў, гэта значыць у нас. За якасць ручаемся. Каб пад выглядам насеннай тулаўскай бульбы не ўзяць ката ў мяшку, патрабуйце пасведчанне аб кандыцыйнасці. 

Якая бульба сёння ў модзе? Па-ранейшаму не здае пазіцый класіка — сярэднеспелы «скарб» і сярэднеранні «брыз», раянаваныя яшчэ ў 1960-я. БДзякуючы невялікім карэкціроўкам, гадоў дзесяць таму яны зноў трапілі на стол — ва ўдасканаленым выглядзе. Без удзелу навукоўцаў, у тым ліку і віцебскіх, не абышлося. Дарэчы, Віцебскі занальны інстытут — адзін з нямногіх у краіне, дзе займаюцца даследаваннямі, прысвечанымі кланальнаму мікраразмнажэнню бульбы. Яе вырошчваюць літаральна ў прабірках, затым спецыяльным чынам парасткі дзеляць, у выніку атрымліваючы мікраклубні, якія становяцца безвірусным пасадачным матэрыялам самых папулярных сартоў. Упор — на іх прыстасаванасць да клімату рэгіёна.

У гэтым годзе на сартавыпрабавальным участку занальнага інстытута — 6 сартоў і 16 гібрыдаў. Каб дранікі, пюрэ і проста адварная бульба радавалі смакам, навукоўцы працуюць над іх якасцямі, выводзячы ў авангард тое, што патрэбна для таго ці іншага сорта. Існуе сталовая градацыя, дзе ў кожнага сорта сваё «прызначэнне». Для тых жа дранікаў лепш выбраць раннія і сярэднераNнія сарты з мякаццю, якая доўга не цямнее, і сярэднім утрыманнем крухмалу: «лілею» ці «брыз».


З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ


Андрэй Балыш, дырэктар Віцебскага занальнага інстытута сельскай гаспадаркі НАН Беларусі:


— Самыя папулярныя для Віцебшчыны сарты — гэта добра зарэкамендаваўшыя сябе «лілея», «скарб» і «вектар». Усяго летась наш інстытут рэалізаваў больш за 800 тон харчовай і насеннай бульбы. Яна на ўра пайшла не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Украіне, Сербіі. Нядоўга засталося чакаць і экзотыкі — фіялетавых клубняў. Сартавыя ўзоры ўжо падалі на раянаванне, да прысваення назвы — пару гадоў.
 

"Сялянская газета".